Уладзімір Мацюшонак: “Я хачу прыбраць у Вілейцы ўсе скрыжаванні”
Гэта толькі малая частка смелага праекта маладога вілейскага архітэктара. Зялёныя алеі, утульныя вулачкі,
адсутнасць затораў, крамы і паркі –
такім бачыць горад у будучыні мой
суразмоўца.
Валодзя, Вы сталі архітэктарам, таму што Ваш тата мастак?
Уся мая сям’я – мастакі. Тата -
мастак, піша карціны, матуля больш займаецца бацікам і аплікацыяй, сястра
- дызайнер у галіне паліграфіі, нават
дзядуля ў мяне мастак і рэзчык.
Усе яны скончылі Віцебскі педагагічны ўніверсітэт
імя П. М. Машэрава, мастацка-графічны факультэт. Калі
мяне пыталіся ў дзяцінстве, кім я буду, я заўсёды адказваў:
“Мастаком!”. Так было дзесьці да
восьмага класа, пакуль я не задаўся пытаннем, кім жа я на самой справе буду. Пачаліся
доўгія пошукі… У мяне стаяў выбар: звязаць жыццё з творчасцю, або замежнымі
мовамі – на той час я сур’ёзна займаўся англійскай мовай. Мая бабуля заўсёды
казала, што яна нават бачыць мяне паслом.
На рашэнне стаць архітэктарам, я
лічу, вельмі паўплывала тое, што яшчэ у дзяцінсве мяне ўсюды вазілі. Мае бацькі
тады нанялі з сябрамі “Ікарус”. Так мы аб’ехалі ўсю Беларусь, усе яе самыя
крайнія кропкі, дзе шмат чаго цікавага пабачылі. Вельмі часта таксама бываў за
мяжой.
А ў дзяцінсве, калі я ездзіў на лета
ў вёску, мы з маімі стрыечнымі братамі
заўсёды будавалі домікі. Рабілі звычайна самі, а калі і дарослыя
дапамагалі. Спачатку гэта былі шалашыкі, потым
аднапавярховыя альбо двухпавярховыя домікі з дошак, а аднаго разу мы пабудавалі
нават трохпавярховы домік з вадаправодам!
Як ты думаеш, якая мінімальная
адукацыя патрэбна для таго, каб стаць добрым архітэктарам?
Канешне, у ідэале, няблага было б
скончыць мастацкую школу, пазаймацца з
рэпетытарамі, а потым ужо паступаць у ВНУ. Проста выбраць прафесію архітэктара
ў даведніку і паступіць туды на наступны дзень і нават на наступны год не
атрымаецца. Акрамя тэсціравання па мове і матэматыцы трэба здаць яшчэ ўступныя
экзамены: акадэмічны малюнак галавы, начартальную геаметрыю і кампазіцыю, што
вельмі складана, таму трэба вельмі добра рыхтавацца. Дарэчы, да мяне Ў БНТУ на
архітэктара амаль ніхто з Вілейкі не паступаў, таму прыходзілася ездзіць з
татам у Менск, даведвацца пра ўсё, размаўляць з выкладчыкамі.
Як ты
лічыш, як уплывае архітэктура на чалавека? І ці ўплывае наогул?
Я думаю, само сабой,
уплывае. І наогул, я лічу, што
архітэктура фармируе чалавека, бо ў
людзей, якія жывуць у правільна арганізаваным асяроддзі, правільна фармуецца
псіхіка і асоба чалавека. Вельмі шмат залежыць ад колеру. Напрыклад, шэрыя
аднолькавыя шматпавярхоўкі звычайна проста прыгнятаюць чалавека, таму мы можам
назіраць, што ў новых будынках зараз робіцца вялікі акцэнт на колер. Тое ж
самае можна сказать пра інтэр’ер, напрыклад, офіса. Яго можна зрабіць такім,
што чалавек будзе працаваць там з вялікім задавальненнем, ці наадварот - будзе думаць, як бы адтуль хутчэй уцячы.
Распавядзі, калі ласка, пра свой першы практычны вопыт. Што
запомнілася? Якія ўраджанні склаліся?
Першы вопыт я атрымаў у майстэрні
Аляксея Анатольевіча Утулкіна ў Маладэчне, калі быў на другім курсе. Пра гэту майстэрню даведаўся ад таты. Летам
на канікулах я сабраў усе свае работы, проста прыехаў і
запытаў у Аляксея Анатольевіча, ці ёсць магчымасць маладому студэнту
павучыцца яго майстэрству. Майстар
згадзіўся, і я на месяц застаўся працаваць у яго. Мяне вельмі добра прынялі,
увесь персанал ставіўся да мяне не проста як да навічка, які можа, скажам, каву
прыгатаваць, ставіліся сур’ёзна, адказавалі на ўсе мае пытанні, адразу ўвялі
мяне ў курс справы.
Калі казаць пра першы вопыт, то
гэта было перапрафіліраванне будынка крамы пад будынак банка у Маладэчне. Мы разам разгледжвалі ўсе варыянты, а калі
прыйшлі да аднаго, я ўсё гэта афармляў.
У тым жа годзе Аляксей
Анатольевіч даручыў мне распрацаваць праект прыватнага жылога дома, які
знаходзіцца недалёка ад Віліі ў Вілейцы. Там быў аднапавярховы драўляны зруб, і
ў чалавека з’явілася жаданне павялічыць яго ў памеры, зрабіць прыгожы
двухпавярховы дом. Вось тут ужо збылася мая мара - рапрацоўваць усё ад пачатку да канца.
Твой погляд на Вілейку як архітэктара. Што табе падабаецца? А што б ты
змяніў? Я вось ведаю, што Вілейку калісьці планавалася будаваць па абодва бакі
Віліі.
Гэта сапраўды так, але тады высветлілася,
што на другім баку Віліі вельмі няўстойлівая глеба, таму будаваць так нічога і не пачалі.
Наогул, Вілейка мне вельмі
падабаеца як горадабудаўнічае ўтварэнне,
бо яна вельмі ціхая і утульная. Калі я прыязджаю сюды пасля Мінска, я проста
адпачываю тут.
На жаль, калі казаць пра
рэканструкцыю асобных будынкаў, то яна звычайна выглядае не вельмі добра. Я не
ведаю, з чым гэта звязана: ці з недавыдзяленнем
сродкаў, ці з чым другім. Часта
пасля рэканструкцыі будынкі становяцца яшчэ горшымі, чым да яе. Гэта звязана з
тым, што рэканструкцыю робяць сваімі сіламі, без дапамогі архітэктараў, а гэта
вельмі блага. Бо калі будынак, які ўяўляе сабой гістарычную каштоўнасць
перафарбоўваюць звычайнай фарбай у фіялетавы колер, гэта жудасна. Вельмі яркім
прыкладам можна лічыць наш музей, які наогул пафарбавалі ў ружовы колер!
Не падабаецца мне таксама тое,
што цудоўная рэчка, якая працякае каля нашага горада, ніяк не прывязана да яго.
А пляцоўка і кірмаш яшчэ больш раз’ядноўваюць іх.
Уяві сабе, што ў цябе ёсць усе магчымасці і сродкі, каб змяніць архітэктуру Вілейкі на свой густ.
Якім бы атрымаўся горад?
У мяне быў вучэбны праект,
паводле якога я павінен быў распрацаваць план рэканструкцыі невялікага горада.
Я, канешне ж, выбраў Вілейку.
Я
пакінуў нязменным цэнтр, плошчу Леніна. Але для кожнага горада вельмі
важныя зялёныя тэрыторыі, таму я
максімальна насыціў горад зялёнымі алеямі, якія ідуць у цэнтр з ускраінаў.
Затым я насыціў інфраструктурай аддалённыя кропкі горада, каб людзі за тымі ж
самымі пакупкамі не ездзілі заўсёды ў цэнтр, а маглі купіць усё на месце.
Наступным крокам я разнастаіў інфраструктуру цэнтра, бо цяпер моладзі вечарам
нават пайсці няма куды. Месцы адпачынку я дабавіў і ў другіх раёнах горада, каб
людзі маглі адпачыць і бліжэй да дому. Тое ж
самае і з месцамі працы для віляйчан.
Асобным пытаннем я разгледзеў
водаахоўную зону каля Віліі, на якой нічога нельга будаваць. Там я размясціў
парк, у якім ёсць як пляцоўкі для групавых заняткаў, напрыклад, фітнэсам, так і
утульныя куточкі для закаханых парачак і наогул шмат месцаў для адпачынку
людзей.
Для кожнага горада вельмі важным
з’яўляецца пытанне затораў, таму са свайго горада я прыбраў усе перакрыжаванні,
а замест іх зрабіў кругавы рух, па кальцу. Гэта дазваляе пазбавіцца не толькі
ад затораў а таксама ад лішняй загазаванасці.
Прыклад такога горада ёсць у Літве.
Валодзя, раскажы, калі ласка пра дом сваёй мары? Які ён? (доўга
думае)
У мяне дакладна не будзе
“інтэлектуальнага дома”, гэта значыць дома, які будзе думаць за мяне: аўтаматычна ўключаць і
выключаць святло, атапленне, ваду, музыку. У такім выпадку чалавек
становіцца закладнікам свайго дома,
і,калі што-небудзь зламаецца, чалавек проста не зможа ім кіраваць.
Мой дом абавязкова будзе стаяць
на беразе возера або ракі. У ім будзе шмат адкрытай прасторы, але разам з тым
там будуць куточкі наогул без вокан, у якіх можна будзе пабыць аднаму. Таксама
я бачу ўласную прыстань з уласнай лодкай. Калі казаць пра матэрыялы, то гэта
будзе дрэва, грубы цёсаны камень, мінімум металічных дэталяў і шмат шкла. Ну і
ўласная майстэрня, куды ж без яе!
А якія захапленні ў цябе ёсць акрамя архітэктуры?
На цяперашні момант я ўжо 13
гадоў танчу. У другім класе мяне матуля прывяла ў танцавальны гурток
“Карусель”. Я спачатку супраціўляўся,
але потым мне пачало падабацца. Калі паступіў ва ўніверсітэт, з радасцю
даведаўся, што пры ім таксама ёсць танцавальны гурток “Альтана”. Для мяне танец
з’яўляецца ўжо стылем жыцця.
Таксама займаюся фатаграфіяй.
Асновам мяне вучыў тата. Калісьці ў яго была сур’ёзная майстэрня.
Вельмі люблю падарожнічаць,
даведвацца пра штосьці новае.
Акрамя гэтага я сур’ёзна займаюся
дызайнам лагатыпаў, сайтаў, буклетаў, візітак.
Ну і, канешне ж, ровар! Куды ж
без яго!
Валодзя, Вы звязваеце сваю будучыню
з нашай краінай ці маеце думку з’хаць?
У мяне ёсць замежныя сябры, з якімі я стараюся
падтрымліваць сувязь, і я быў бы не супраць паспрабаваць папрацаваць за мяжой,
але сваё асноўнае месца працы я ўсё ж бачу тут, у Беларусі, бо калі ёсць
вялікае жаданне і імпэт стварыць нешта новае, унікальнае і прыгожае, то спосабы
здзейсніць гэта можна знайсці і тут, тым больш, што ў нас такая цікавая краіна!
Таццяна Уладыка, ШМЖ
Комментариев нет:
Отправить комментарий