среда, 11 января 2012 г.

Чаму да гэтага часу няма помніка забітым у Курапатах? (фота)


11.01.2012  Валянцін ЦІШКО "Заўтра тваёй краіны"

Двадцаць два гады таму ўлады БССР паабяцалі паставіць помнік ахвярам рэпрэсій у Курапатах. За гэты час Беларусь стала незалежнай, змянілася кіраўніцтва краіны, а памяць загінулых так і не ўшанаваная. Чаму ўлады не спяшаюцца гэта рабіць і хто адказны, высвятляе “Заўтра тваёй краіны”.

У Курапатах стаіць валун з прымацаванай шыльдай.
 

На шыльдзе пазначана, што ў адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў БССР ад 18 студзеня 1989 года ў лясным масіве Курапаты павінен з’явіцца помнік ахвярам сталінскіх рэпрэсій.
Каб адказаць на пытанне, чаму помнік так і не паставілі, трэба звярнуцца да Саўміна БССР, якога ўжо няма. Але ёсць яго старшыня Вячаслаў Кебіч.
-- Была створана камісія, якая мусіла працаваць са скульптарам. Але пасля таго, як пачалі развальваць СССР, ніхто больш да гэтага пытання не вяртаўся , -- узгадвае Вячаслаў Францавіч .
Чаму, на яго думку, цяперашні Савет Міністраў не спяшаецца выконваць рашэнне колішняга ўрада былы прэм’ер не ведае:
-- Я не магу сказаць…
Знайсці ў сённяшнім урадзе чалавека, які б адказаў на гэтае пытанне, шляхам тэлефанавання па многіх нумарах Саўміна цягам некалькіх тыдняў таксама не атрымалася.
Аднак трэба зазначыць: цяперашняя ўлада зрабіла “адзін крок да Курапатаў” – на шашы, блізу ўрочышча паставіла ўказальнік: “Месца гібелі ахвяр палітычных рэпрэсій ва урочышчы Курапаты 1930 – 1940 гг.”

Але без памылкі не абыйшлося – слова “рэпрэсій” напісалі з двума “ с ”.
Шушкевіч: Мы не думалі, што ў 1996-м усё скончыцца…
Станіслаў Шушкевіч як Старшыня Вярхоўнага савета Беларусі ( з 1991 па 1994 г. ) меў магчымасць паўплываць на сітуацыю з помнікам, але не зрабіў гэтага.
Як узгадвае Станіслаў Станіслававіч, ён быў у шоку, калі з артыкула ў “Літаратуры і мастацтве” даведаўся пра Курапаты.
-- Курапаты, гэты 250-тысячны магільнік -- нішто іншае як вар’яцтва НКВД, -- гаворыць сёння былы старшыня Вярхоўнага Савета. Ён мяркуе, што у 1989 годзе, не магло нават паўстаць пытанне, каб такі помнік паявіўся ў Курапатах.
-- Бо каму ставіць помнік? Ахвярам НКВД? Дык тыя НКВДысты яшчэ жывыя, жывыя іх дзеці… Да таго ж, шмат было пытанняў – параўноўвалі Курапаты з Катынню. Спрабавалі сцвярджаць, што ў Курапатах расстрэльвалі нацысты… Нават калі б усё было зроблена, то “наверсе” не далі б дазволу. Бо пры ўладзе заставаліся камуністы…
-- Дык навошта ж тады Саў м ін БССР выдаў такую пастанову?..
-- Вы правільна хіліце, тая пастанова Савета Міністраў – чысты фарс!
-- А калі вы ўжо ўзначальвалі Вярхоўны савет, па-сутнасці, былі кіраўніком Беларусі, ці вярталася ўлада да гэтага пытання?
-- Мы пасля вярталіся, працавалі. Але паставіць помнік не так проста – трэба было выдаткі закласці ў бюджэт і шмат іншага. Былі на той момант больш важныя пытанні – змена сімволікі, эканамічныя праблемы, а Курапаты былі адкладзеныя на пасля, нібы як другаснае. Мы не думалі, што ў 1996 годзе ўсё так рэзка скончыцца. Мы проста не паспелі.
Гісторык Кузняцоў: Час быў, але не было жадання.
Курапаты – аб'ект першай катэгорыі дзяржаўнага спіса гісторыка-культурных каштоўнасцяў.

Лясны масіў, дзе расстрэльвалі ахвяр сталінскіх рэпрэсій, мае такі ж статус, што і Мір, і Нясвіж.
-- Чамусці ўсюды нешта робіцца для добраўпарадкавання, але не ў Курапатах, -- абураецца вядомы даследчык тэмы сталінскіх рэпрэсій у Беларусі, кандыдат гістарычных навук Ігар Кузняцоў.
З пяці пунктаў той самай пастановы Савета Міністраў БССР ад 18.01.1989, дзе былі запланаваныя выхад кнігі ды іншыя мерапрыемствы, на сёння выкананы толькі адзін – “Аб арганізацыі конкурса” праекта помніка і дабраўпарадкавання тэрыторыі.
-- Нагадаю, што ў 2003 годзе шыльду з абяцаннем улады паставіць у Курапатх помнік, скралі. Мы тады звярнуліся ў міліцыю, але злодзеяў не знайшлі. У лістападзе 2004 года мы яе аднавілі, але яе зноў скралі , -- распавядае Ігар Кузняцоў. -- Нягледзячы на тое, што Курапаты маюць першую катэгорыю, рэчаіснасць вось якая: і зламаныя крыжы, і перыядычныя вандальныя напады. Мы неяк злавілі вандалаў, перадалі іх міліцыі, але іх адразу выпусцілі! Хоць і стаіць знак ва ўрочышчы, што Курапаты ахоўваюцца законам, прысутнасці міліцыі там няма. Толькі калі грамадства прыходзіць ушанаваць памяць рэпрэсаваных -- тады там з’яўляюцца прадстаўнікі ўсіх спецслужбаў.  За ўсе гады дзяржава так і не заапекавалася Курапатамі.
Недзіўна, бо да 2008 года, калі «Советская Белоруссия» надрукавала вялікі і даволі праўдзівы матэрыял пра Курапаты, дзяржаўныя СМІ прапагандавалі, што ў Курапатах растрэльвала не НКВД, а нацысты.
На думку Ігара Кузняцова, віна за невыкананне пастановы ляжыць і на былых кіраўніках:
-- Калі Вячаслаў Кебіч не можа адназначна адказаць на пытанне, чаму так і не паставілі помнік, значыць проста яму не хапае сіл супрацьстаяць тым, хто не хоча, каб была вядома праўда пра Курапаты. Фактычна віна за невыкананне пастановы ляжыць і на Кебічу, і на Шушкевічу. Савет Міністраў пастанавіў – трэба было выконваць! Час быў, але не было жадання.
Даведка «Заўтра тваёй краіны»
Курапаты — лясны масіў на паўночным ўскрайку Мінска, дзе былі выяўленыя масавыя пахаванні людзей, расстраляных НКВД у 1937—1941 гадах. Колькасць ахвяр на сённяшні дзень дакладна невядомая . П аводле розных ацэнак, яна можа складаць да 250 тысяч чалавек (паводле артыкула Зянона Пазьняка ў газеце «Літаратура і мастацтва) і болей (паводле брытанскага гісторыка Нормана Дэвіса).
З 1993 года урочышча Курапаты занесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь як месца пахаванняў ахвяр палітычных рэпрэсій 1930—1940-х гадоў.
Курапаты маюць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці першай катэгорыі, што паводле Закона Рэспублікі Беларусь «Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны» адпавядае катэгорыі «найбольш унікальных каштоўнасцяў, духоўныя, эстэтычныя і дакумэнтальныя вартасці якіх уяўляюць міжнародную цікавасць».

Комментариев нет:

Отправить комментарий