вторник, 17 января 2012 г.

У Маладзечна вырабляюць духі па французскай тэхналогіі


13.01.2012 Кацярына Рысік, "Рэгіянальная Газета"
Карэспандэнт моладзевай рэдакцыі “РГ” пабывала на фабрыцы і даведалася, чым адрозніваецца туалетная вада ад адэкалону.


Мабыць, усе бачылі адэкалоны "Саша", "Шыпр","Трайны", якія мае на сваёй паліцы амаль кожны бацька альбо дзядуля. Але мала хто ведае, што робяцца яны ў Маладзечне. І я была не ў курсе, пакуль не патрапіла на экскурсію на прадпрыемства.




Яшчэ метраў за пяцьдзясят, не дайшоўшы да брамы, мы пачулі прыемны пах.  Але ў памяшканні, дзе ствараюцца духі, водар быў такі насычаны, нават рэзкі, што хутка пачынала кружыцца галава. Гэта таму, што канцэнтрацыя араматызатараў вельмі высокая.
-  Вы, мусіць, чуеце гэты пах. А мы ўжо да яго прывыклі, - адзначыла наш “экскурсавод”, начальнік цэху Людміла Жыхарава.
Жанчына расказала, што кампанія існуе ўжо 20 гадоў. Галоўныя інгрэдыенты для парфумы прывозяцца з самой Францыі. Шмат знакамітых парфумерных брэндаў выкарыстоўваюць такія ж самыя араматызатары. Прадукцыя прадпрыемства прызначана для простых людзей, таму і кошт яе даступны. Але склад парфумы не адрозніваецца ад дарагой французскай.

Як атрымліваюцца духі?
У цэху ёсць вялізны чан, рэактар, куды зліваюцца ў патрэбных прапорцыях эцілавы спірт, парфумерная кампазіцыя, вада і, калі трэба, фарбавальнік. Усё гэта змешваецца, фільтруецца, а потым – выпампоўваецца ў вялізныя пластыкавыя бочкі. Для мяне вельмі незвычайна было бачыць духі ў ёмістасцях па 1000 літраў, бо мы прывыклі да прыгожых мініяцюрных бутэлечак.
Але разліваць парфуму яшчэ рана – яна павінна адстаяцца. Духі стаяць месяц, туалетная вада – 2 тыдні, а для адэкалона хапае і сямі дзён. Увесь гэты час ідзе фарміраванне паху, і лепш, каб умовы былі халаднаватыя. А што адбудзецца, калі духі не будуць адстойвацца? Тады выпадзе асадак. Таму, калі купляеш парфуму “падазронага” паходжання, у бутэлечцы можа пайсці “снег” – прыкмета таго, што ваду рабілі непрафесіяналы.
Пасля адстойвання ідзе фільтрацыя, і толькі затым пачынаецца разліў. Для гэтага ёсць спецыяльная тэхніка: шкляныя флаконы самай рознай формы хутка напаўняюцца і аўтаматычна закручваюцца прыгожай накрыўкай. Урэшце, поўныя бутэлечкі ідуць на доўгі стол, за якім сядзяць шмат дзяўчат і якія з хуткасцю вавёрак пакуюць духі ў рознакаляровыя каробачкі. Прычым, упакоўкі яны складваюць самі - сапраўдны “hand made”!
Упершыню я пачула, што існуе сусветная класіфікацыя духоў. Кожны арамат мае свой асабісты нумар, а касметычныя фірмы вырабляюць версіі духоў па той жа рэцэптуры, якую купляюць у Францыі. Усё таму, што рэцэпты араматызатараў захоўваюцца ў строгім  сакрэце.
-       Не трэба выліваць на сябе паўбутэлькі духоў, каб прыемна пахнуць. Дастаткова адной кропелькі, каб іншыя маглі адчуваць тонкі шлейф, які вы пакідаеце за сабой, – раіць Людміла Жыхарава. - Кожны чалавек мае свой пах, і парфума змешваецца з ім. Таму адныя і тыя ж духі могуць па-рознаму пахнуць на розных людзях.

Ёсць пытанне.
Вы можаце спытацца, чым адрозніваюцца адэкалон, духі, парфумерная вада і туалетная вада. Для адэкалона (Eau de Cologne) не вельмі дарагі спірт разбаўляецца вадой і араматызатарам. Туалетная вада (Eau de Toilette) - лепшы спірт, троху вады і французскі араматызатар. Кошт яе залежыць ад канцэнтрацыі пахучых рэчываў: чым іх болей – тым даражэй.Таму бывае вада як і за 30 тысяч рублёў, так і за мільён. Парфумерная вада (Eau de Parfum) па сваёй стойкасці стаіць паміж туалетнай вадой і духамі (Parfum) - самым каштоўным відам, з найвялікшай канцэнтрацыяй араматызатараў.  Але стойкасць таксама залежыць не толькі ад працэнтаў кампазіцыі, але і ад самога тыпу арамату.

Комментариев нет:

Отправить комментарий