среда, 2 января 2013 г.

Архітэктар


Уладзімір Мацюшонак: “Я хачу прыбраць у Вілейцы ўсе скрыжаванні”
Гэта толькі малая частка смелага праекта маладога вілейскага архітэктара. Зялёныя алеі, утульныя вулачкі, адсутнасць затораў, крамы і паркі  – такім бачыць горад у будучыні  мой суразмоўца.
Валодзя, Вы сталі архітэктарам, таму што Ваш тата мастак?
Уся мая сям’я – мастакі. Тата - мастак, піша карціны, матуля больш займаецца бацікам і аплікацыяй, сястра -  дызайнер у галіне паліграфіі, нават дзядуля ў мяне мастак і рэзчык.
Усе яны скончылі Віцебскі педагагічны ўніверсітэт імя П. М. Машэрава, мастацка-графічны факультэт.  Калі  мяне пыталіся ў дзяцінстве, кім я буду, я заўсёды адказваў: “Мастаком!”.  Так было дзесьці да восьмага класа, пакуль я не задаўся пытаннем, кім жа я на самой справе буду. Пачаліся доўгія пошукі… У мяне стаяў выбар: звязаць жыццё з творчасцю, або замежнымі мовамі – на той час я сур’ёзна займаўся англійскай мовай. Мая бабуля заўсёды казала, што яна нават бачыць мяне паслом.
На рашэнне стаць архітэктарам, я лічу, вельмі паўплывала тое, што яшчэ у дзяцінсве мяне ўсюды вазілі. Мае бацькі тады нанялі з сябрамі “Ікарус”. Так мы аб’ехалі ўсю Беларусь, усе яе самыя крайнія кропкі, дзе шмат чаго цікавага пабачылі. Вельмі часта таксама бываў за мяжой.
А ў дзяцінсве, калі я ездзіў на лета ў вёску, мы з маімі  стрыечнымі братамі заўсёды будавалі домікі. Рабілі звычайна самі, а калі і дарослыя дапамагалі.   Спачатку гэта былі шалашыкі, потым аднапавярховыя альбо двухпавярховыя домікі з дошак, а аднаго разу мы пабудавалі нават трохпавярховы домік з вадаправодам!

 Як ты думаеш, якая мінімальная адукацыя патрэбна для таго, каб стаць добрым архітэктарам?
Канешне, у ідэале, няблага было б скончыць  мастацкую школу, пазаймацца з рэпетытарамі, а потым ужо паступаць у ВНУ. Проста выбраць прафесію архітэктара ў даведніку і паступіць туды на наступны дзень і нават на наступны год не атрымаецца. Акрамя тэсціравання па мове і матэматыцы трэба здаць яшчэ ўступныя экзамены: акадэмічны малюнак галавы, начартальную геаметрыю і кампазіцыю, што вельмі складана, таму трэба вельмі добра рыхтавацца. Дарэчы, да мяне Ў БНТУ на архітэктара амаль ніхто з Вілейкі не паступаў, таму прыходзілася ездзіць з татам у Менск, даведвацца пра ўсё, размаўляць з выкладчыкамі.
 Як ты лічыш, як уплывае архітэктура на чалавека? І ці ўплывае наогул?
Я думаю, само сабой, уплывае.  І наогул, я лічу, што архітэктура фармируе чалавека, бо  ў людзей, якія жывуць у правільна арганізаваным асяроддзі, правільна фармуецца псіхіка і асоба чалавека. Вельмі шмат залежыць ад колеру. Напрыклад, шэрыя аднолькавыя шматпавярхоўкі звычайна проста прыгнятаюць чалавека, таму мы можам назіраць, што ў новых будынках зараз робіцца вялікі акцэнт на колер. Тое ж самае можна сказать пра інтэр’ер, напрыклад, офіса. Яго можна зрабіць такім, што чалавек будзе працаваць там з вялікім задавальненнем, ці наадварот -  будзе думаць, як бы адтуль хутчэй уцячы.  
Распавядзі, калі ласка, пра свой першы практычны вопыт. Што запомнілася?  Якія ўраджанні склаліся?
Першы вопыт я атрымаў у майстэрні Аляксея Анатольевіча Утулкіна ў Маладэчне, калі быў на другім курсе.  Пра гэту майстэрню даведаўся ад таты. Летам на канікулах я сабраў усе свае работы, проста прыехаў  і  запытаў у Аляксея Анатольевіча, ці ёсць магчымасць маладому студэнту павучыцца яго майстэрству.  Майстар згадзіўся, і я на месяц застаўся працаваць у яго. Мяне вельмі добра прынялі, увесь персанал ставіўся да мяне не проста як да навічка, які можа, скажам, каву прыгатаваць, ставіліся сур’ёзна, адказавалі на ўсе мае пытанні, адразу ўвялі мяне ў курс справы.
Калі казаць пра першы вопыт, то гэта было перапрафіліраванне будынка крамы пад будынак банка у Маладэчне.  Мы разам разгледжвалі ўсе варыянты, а калі прыйшлі да аднаго, я ўсё гэта афармляў.
У тым жа годзе Аляксей Анатольевіч даручыў мне распрацаваць праект прыватнага жылога дома, які знаходзіцца недалёка ад Віліі ў Вілейцы. Там быў аднапавярховы драўляны зруб, і ў чалавека з’явілася жаданне павялічыць яго ў памеры, зрабіць прыгожы двухпавярховы дом. Вось тут ужо збылася мая мара -  рапрацоўваць усё ад пачатку да канца.
Твой погляд на Вілейку як архітэктара. Што табе падабаецца? А што б ты змяніў? Я вось ведаю, што Вілейку калісьці планавалася будаваць па абодва бакі Віліі.
Гэта сапраўды так, але тады высветлілася, што на другім баку Віліі вельмі няўстойлівая глеба, таму будаваць так нічога і  не пачалі.
Наогул, Вілейка мне вельмі падабаеца як горадабудаўнічае  ўтварэнне, бо яна вельмі ціхая і утульная. Калі я прыязджаю сюды пасля Мінска, я проста адпачываю тут.
На жаль, калі казаць пра рэканструкцыю асобных будынкаў, то яна звычайна выглядае не вельмі добра. Я не ведаю, з чым гэта звязана: ці з недавыдзяленнем  сродкаў, ці з чым другім.  Часта пасля рэканструкцыі будынкі становяцца яшчэ горшымі, чым да яе. Гэта звязана з тым, што рэканструкцыю робяць сваімі сіламі, без дапамогі архітэктараў, а гэта вельмі блага. Бо калі будынак, які ўяўляе сабой гістарычную каштоўнасць перафарбоўваюць звычайнай фарбай у фіялетавы колер, гэта жудасна. Вельмі яркім прыкладам можна лічыць наш музей, які наогул пафарбавалі ў ружовы колер!
Не падабаецца мне таксама тое, што цудоўная рэчка, якая працякае каля нашага горада, ніяк не прывязана да яго. А пляцоўка і кірмаш яшчэ больш раз’ядноўваюць іх.
Уяві сабе, што ў цябе ёсць усе магчымасці і сродкі, каб  змяніць архітэктуру Вілейкі на свой густ. Якім бы атрымаўся горад?
У мяне быў вучэбны праект, паводле якога я павінен быў распрацаваць план рэканструкцыі невялікага горада. Я, канешне ж, выбраў Вілейку.
Я  пакінуў нязменным цэнтр, плошчу Леніна. Але для кожнага горада вельмі важныя зялёныя тэрыторыі, таму я  максімальна насыціў горад зялёнымі алеямі, якія ідуць у цэнтр з ускраінаў. Затым я насыціў інфраструктурай аддалённыя кропкі горада, каб людзі за тымі ж самымі пакупкамі не ездзілі заўсёды ў цэнтр, а маглі купіць усё на месце. Наступным крокам я разнастаіў інфраструктуру цэнтра, бо цяпер моладзі вечарам нават пайсці няма куды. Месцы адпачынку я дабавіў і ў другіх раёнах горада, каб людзі маглі адпачыць і бліжэй да дому. Тое ж  самае і з месцамі працы для віляйчан.
Асобным пытаннем я разгледзеў водаахоўную зону каля Віліі, на якой нічога нельга будаваць. Там я размясціў парк, у якім ёсць як пляцоўкі для групавых заняткаў, напрыклад, фітнэсам, так і утульныя куточкі для закаханых парачак і наогул шмат месцаў для адпачынку людзей.
Для кожнага горада вельмі важным з’яўляецца пытанне затораў, таму са свайго горада я прыбраў усе перакрыжаванні, а замест іх зрабіў кругавы рух, па кальцу. Гэта дазваляе пазбавіцца не толькі ад затораў а таксама ад  лішняй загазаванасці. Прыклад такога горада ёсць у Літве.
Валодзя, раскажы, калі ласка пра дом сваёй мары? Які ён? (доўга думае)
У мяне дакладна не будзе “інтэлектуальнага дома”, гэта значыць дома, які будзе  думаць за мяне: аўтаматычна ўключаць і выключаць святло, атапленне, ваду, музыку. У такім выпадку чалавек становіцца  закладнікам свайго дома, і,калі што-небудзь зламаецца, чалавек проста не зможа ім кіраваць.
Мой дом абавязкова будзе стаяць на беразе возера або ракі. У ім будзе шмат адкрытай прасторы, але разам з тым там будуць куточкі наогул без вокан, у якіх можна будзе пабыць аднаму. Таксама я бачу ўласную прыстань з уласнай лодкай. Калі казаць пра матэрыялы, то гэта будзе дрэва, грубы цёсаны камень, мінімум металічных дэталяў і шмат шкла. Ну і ўласная майстэрня, куды ж без яе!
А якія захапленні ў цябе ёсць акрамя архітэктуры?
На цяперашні момант я ўжо 13 гадоў танчу. У другім класе мяне матуля прывяла ў танцавальны гурток “Карусель”.  Я спачатку супраціўляўся, але потым мне пачало падабацца. Калі паступіў ва ўніверсітэт, з радасцю даведаўся, што пры ім таксама ёсць танцавальны гурток “Альтана”. Для мяне танец з’яўляецца ўжо стылем жыцця.
Таксама займаюся фатаграфіяй. Асновам мяне вучыў тата. Калісьці ў яго была сур’ёзная майстэрня.
Вельмі люблю падарожнічаць, даведвацца пра штосьці новае.
Акрамя гэтага я сур’ёзна займаюся дызайнам лагатыпаў, сайтаў, буклетаў, візітак.
Ну і, канешне ж, ровар! Куды ж без яго!
Валодзя, Вы звязваеце сваю будучыню  з нашай краінай ці маеце думку з’хаць?
У мяне ёсць замежныя сябры, з якімі я стараюся падтрымліваць сувязь, і я быў бы не супраць паспрабаваць папрацаваць за мяжой, але сваё асноўнае месца працы я ўсё ж бачу тут, у Беларусі, бо калі ёсць вялікае жаданне і імпэт стварыць нешта новае, унікальнае і прыгожае, то спосабы здзейсніць гэта можна знайсці і тут, тым больш, што ў нас такая  цікавая краіна!
Таццяна Уладыка, ШМЖ










Комментариев нет:

Отправить комментарий