суббота, 16 марта 2013 г.

Мае прыгоды ў Чэхіі


Усе кажуць, што падарожжа ў Чэхію – гэта падарожжа ў казку.Мне стала цікава, ці сапраўды так, і я вырашыла правесці свае канікулы ў Чэхіі. Паездку арганізоўвала адна з маладзечанскіх турфірмаў. Ехаў наш і яшчэ два класы з нашай школы.
Мы ўзялі кірунак на Брэст. Ад Маладзечна да Брэста – гадзін сем на аўтобусе.
Мяжу праехалі даволі хутка. Там амаль не было аўтобусаў. Напэўна, з-за позняга часу (мы туды даехалі прыкладна ў 23 гадзіны) і з-за таго, што ўсе пераважна едуць праз Гродна.

Пра здранцвелыя ногі

Дарогай сядзець у аўтобусе было нязручна. Крэслы былі так блізка адно ад аднаго, што калені падпіралі спінку наступнага. Ногі ўвесь час хацелася кудысьці падзець, яны проста дранцвелі. Таму мы не выпускалі аніводнай магчымасці выйсці з аўтобуса.

У Прагу мы прыехалі каля 12 гадзін па мясцовым часе. Калі палічыць, то дарога заняла цэлыя суткі. Нас высадзілі на чыгуначным вакзале, які знаходзіцца недалёка ад Вацлаўскай плошчы, і мы хутка дайшлі да цэнтра горада.
Мы неаднойчы сустракалі вулічных музыкаў. Было вельмі цікава паглядзець, таму што каля некаторых нават танцавалі прахожыя. Гэта дадае часцінку радасці ў паўсядзённае жыццё.
Абед па-чэшску

Да экскурсіі заставалася паўгадзіны, і мы вырашылі паабедаць. Гід
завяла нас у кавярню “Чэшская кухня”. Яна нечым нагадвае бістро. Меню там было разнастайнае, але мне захацелася пакаштаваць нацыянальныя стравы Чэхіі – кнедлікі (бульбяныя ці мучныя) і смажаны сыр. Бульбяныя кнедлікі мне не спадабаліся. Гэта два нейкія маленькія блінчыкі, зробленыя з бульбы і мукі. Ядуць іх з мясам і падліўкай, якой – кожны вырашае сам. Але солі там не шкадуюць. А вось смажаны сыр быў вельмі смачны. Ён быў цягучы ўнутры і пакрыты скарыначкай зверху. З ім падаюць бульбяное пюрэ з падліўкай на выбар – таматнай ці грыбной. Хочацца сказаць, што непаразуменняў з мовай не ўзнікала.

Шукаю казку, знаходжу дзіва

Неўзабаве мы дайшлі да Старамесцкай плошчы. Тут турыстаў было, напэўна, найбольш. Бачылі нават маладых у працэсе фатаграфавання. Магчыма, гэта і была казка, пра якую ўсе кажуць. Куды ні глянь – сярэднявечча. Сярэдневяковыя дамы, карэты з коньмі, жабракі, якія просяць міласціну. Толькі людзі, якія фатаграфавалі ўсё на айпэды і апранутыя па-сучаснаму, здаецца, вярталі ў рэальнасць.
У такой карэце можна адчуць сябе сапраўднай каралевай!
На Старамесцкай плошчы знаходзіцца знакаміты астранамічны гадзіннік (яго яшчэ называюць “Арлой”). Кожны раз, калі малая стрэлка гадзінніка набліжаецца да дванаццаці, пачынаецца сапраўднае прадстаўленне.

Нам пашчасціла пабачыць яго ўласнымі вачыма. Калі мы падышлі да вядомага гадзінніка, экскурсавод пачала распавядаць пра яго: “Першыя дэталі Арлоя былі зробленыя аж у пачатку 15-га стагоддзя. Можаце сабе ўявіць? А самыя маладыя тут фігуркі апосталаў. Яны былі адноўленыя ў сярэдзіне 20-га стагоддзя. Справа і злева ад гадзінніка знаходзяцца чатыры фігуркі, якія кожную гадзіну пачынаюць рухацца. Гэта шкілет, Турак, Пыхлівы і Сквапны.

Над гадзіннікам вось-вось адчыняцца дзверцы і адтуль па чарзе будуць глядзець на вас дванаццаць апосталаў. А ў гэты час наверсе вежы з акенца высунецца трубач у чырвоным адзенні і музыкай будзе суправаджаць звон гадзінніка. Калі ён скончыць іграць, памахае вам рукой. Вы таксама яму памахаеце”.

У гэты ж дзень нам давялося наведаць і Карлаў мост. Запомнілася мне толькі скульптура Яна Непамуцкага, чэшскага святога, які, згодна з паданнем, адмовіўся расказаць каралю Вацлаву ІV тайну споведзі каралевы, за што кароль загадаў скінуць святога з моста. На месцы, дзе гэта адбылося, усе загадваюць жаданне (я таксама загадала). Каб яно здзейснілася, нельга расказваць пра яго нікому на працягу года.

Што я заўважыла падчас шпацыру па Празе, дык гэта тое, што кожны дом ў Старым горадзе мае ўласную назву. Напрыклад, “У Чорнай Змяі” ці “У Залатой Саломы”. Больш за ўсё ўражанняў я атрымала, канешне, ад катэдры святога Віта (яе будаўніцтва пачалося ў сярэдзіне 14-га, а цалкам скончылася толькі ў пачатку 20-га стагоддзя).


Гэта і ёсць астранамічны гадзіннік
Такое я бачыла ў сваім жыцці ўпершыню. Сабор незвычайна вялікі. Архітэктура яго даволі дзіўная. А знутры адразу кідаюцца ў вочы шматлікія вітражы. Яны з’яўляюцца сапраўднымі творамі мастацтва. Катэдру святога Віта можна праўдзіва ахарактарызаваць толькі адным словам – дзіва.

Замак Локет і Карлавы Вары

На наступны дзень нас чакалі замак Локет і Карлавы Вары. Замак 13-е стагоддзе) стаіць над ракой, якая мае выгіб у форме локця. Адсюль і назва. У замку нас сустрэў экскурсавод.

Яму даволі нялёгка было размаўляць з намі на нашай мове, таму ён спрабаваў адцягнуць ад гэтага ўвагу за кошт акцёрскай ігры. Магчыма, калі б усе экскурсаводы так віртуозна распавядалі гісторыі, культурнымі і гістарычнымі каштоўнасцямі зацікавілася б больш людзей.
А гэта – замак Локет. Праўда, прыгожа?
А Карлавы Вары вядомыя сваімі гаючымі крыніцамі мінеральнай вады. На сёння іх у горадзе 12. Тэмпература вады вельмі розная – ад 30 да 72 градусаў па Цэльсію. Я гэтай вады ўзяла ў рот толькі адзін глыточак – яна салёная на смак.

З пластыкавым кубачкам у руцэ да мяне падыходзілі сябры і пыталіся: “А ты чаму не п’еш?” На што адказвала з гумарам: “Я ж не 70-гадовая бабулька, каб лячыцца мінеральнай вадой ад усіх хвароб!”

Мяне ў цэлым Карлавы Вары не зацікавілі. Магчыма, на гэта паўплывала і надвор’е – падчас экскурсіі ліло, як з вядра.

У Карлавых Варах усе турысты набываюць традыцыйныя чэшскія сувеніры – лазенскія аплаткі (гэта такія круглыя вафелькі з розным начыннем), лікёр “Бехераўка” і сярэбраныя вырабы з чэшскім гранатам. Шапікі з такімі сувенірамі можна заўважыць праз кожны крок.

Проста немагчыма не купіць падарункі сваім блізкім! Але аплаткі пакаштавала і сама. Яны смачныя, але я больш звыклася з нашымі. Можа, разам з карлаварскай мінеральнай вадой яны былі б смачнейшыя.

Колькі каштуе паездка?

Страхоўка – 50 тысяч рублёў. Яна забяспечвае бясплатную медыцынскую дапамогу.

Праезд на аўтобусе – 100 тысяч рублёў.

Кошт экскурсій і знаходжання ў гатэлі – 120 еўра. За экскурсію ў замак Локет усё ж такі давялося заплаціць асобна, прыблізна 100 чэшскіх крон (каля 45 тысяч рублёў).

Віза ў ЕС звычайна каштуе 60 еўра.

Падчас знаходжання ў Чэхіі (тры дні) мы харчаваліся самі тры разы. Адзін абед з другой стравай і напоем мне абышоўся прыкладна 80 чэшскіх крон (каля 35 тысяч рублёў).

На экскурсіях па Празе нам давалі навушнікі, каб мы добра чулі свайго гіда, бо турыстаў шмат. За карыстанне навушнікамі мы заплацілі 20 чэшскіх крон (прыкладна 9 тысяч рублёў).

І як жа без сувеніраў! Адзін пачак лазенскіх аплатак каштуе каля 30 чэшскіх крон (амаль 15 тысяч рублёў). “Бехераўку” піць мне яшчэ рана, таму яе коштам я не цікавілася.





Ганна ШАКЕЛЬ

Комментариев нет:

Отправить комментарий