пятница, 12 октября 2012 г.

Чаму маладзечанцы не шукаюць згубленыя рэчы?



Бюро знаходак даўно няма, пасажыры аўтобусаў вяртаюць толькі драбязу, а таксоўцы і чыгуначнікі  гатовыя самі вярнуць страчаную рэч!
Старэйшыя жыхары нашага горада ўпэўнілі мяне,што калісьці бюро знаходак размяшчалася ў раёне завода ”Спадарожнік”. Але калі я патэлефанавала па нумару гарадской даведкі, голас аператара адказаў,што такой службы ў Маладзечне няма.
Куды ж звяртацца маладзечанцам у сітуацыі,калі губляюцца альбо пакідаюцца ўласныя рэчы? Паспрабуем разабрацца.
Грамадскі транспарт
 Ведаючы пра тое,што часцей за ўсё рэчы пакідаюцца ў транспарце,я патэлефанавала ў прыёмную дырэктара “Аўтапарка № 4”. Па тэлефоне сакратарка  сумна паведаміла:
-          А вы не ведаеце, які цяпер народ? Цяпер пакінутыя рэчы знаходзяць новага гаспадара хутчэй,чым аўтобус завяршае свой маршрут.Вось і немэтазгодна трымаць такое бюро. 
Далей размова працягвалася больш узрушана:
 -Але быў такі выпадак,калі мужчына пакінуў у салоне аўтобуса ноўтбук і кандуктар перадала яго механіку,які ў сваю чаргу вярнуў яго ўдзячнаму ўладальніку. А калі вы пакінулі ключы,пальчаткі ці іншую дробязу, то можаце не хвалявацца, яны хутчэй за ўсё будуць у кіроўцы аўтобуса,галоўнае - запомніць,у якім аўтобусе згубіліся рэчы.
Чыгунка
Цікавая размова адбылася і з супрацоўнікамі чыгункі. 
-          Калі нехта з нашых супрацоўнікаў знойдзе, скажам, тэлефон, мы дзейнічаем проста. Набіраем з яго на свой мабільнік - каб даведацца нумар уладальніка. А потым тэлефануем уладальніку і ў прысутнасці міліцыянта вяртаем маёмасць!
-А што ж рабіць з астатнімі рэчамі?
-          У кожным разе, згубленыя вамі рэчы нікуды не знікаюць, а перадаюцца ў рукі дзяжурнага па вакзалу, дзе складаецца падрабязны вопіс вашай рэчы.Гэта робіцца для таго,каб уладальнік хутчэй знайшоў прапажу. Калі ж гаспадар не знаходзіцца, рэчы не выкідаюцца, а адпраўляюцца ў Мінск на склад згубленых рэчаў. Уявіце сабе,што і такі склад існуе!
Таксі
Кіроўца службы таксі 158 Павел Самаль паведаміў:
-          Пасажыры забываюцца рэчы амаль штодня. І ў асноўным гэта парасоны,пальчаткі, кашалькі. Але чамусьці шукаюць прапажу вельмі рэдка! Не вераць у тое,што рэчы вернуць. А дарма. Усе рэчы,якія пакідаюць пасажыры,захоўваюцца ў аператараў таксі і іх можна вярнуць,калі проста патэлефанаваць у службу таксі.
Кавярня
Наконт забытых рэчаў, дырэктар кавярні “Мезанін” Ірына была гаваркая,як ніхто.
-О! Вядома забываюць,асабліва па суботах,нядзелях. Забываюць ўсё: і швэдары, і пашпарты, і зарадку ад ноўтбукаў і тэлефонаў, і самі тэлефоны. Дарэчы, ў нас да сённяшняга дня захоўваецца нейкі прыборчык ў шэрай скрыначцы,які таксама нехта забыўся. Але нешта не спяшаюцца вяртацца за ім.
-А што за прыбор?
-А хто яго ведае? І, здаецца, не для вымярэння ціску,так нейкі ,мабыць,фізічны.  А быў выпадак, калі мужчына забыўся пашпарт, але так па яго і не прыйшоў. Мусілі звярнуцца ў пашпартны стол.
А бываюць і сітуацыі, калі людзі прыходзяць упэўненыя ў тым, што менавіта ў нас забыліся рэч. Зусім нядаўна прыйшоў хлопец і абвінаваціў нас у тым, што мы яму адмовіліся вярнуць зарадку ад айфону. Казаў, што яна каштуе даражэй за сам тэлефон. А ён яе забыўся дакладна не ў нас.
Крама
Начальнік службы аховы магазіна “Алмі” Марат  Саўчыц:
-Наш новы магазін адчыніўся месяц таму, і яшчэ не было ні аднаго выпадку, каб нехта нешта забыўся. А так, бывае, пакідаюць нейкія дробныя рэчы з пакупак: ёгурты, сыркі. Таму пытанне пра вяртанне рэчаў у нас не стаіць, але калі вы хутка апомніцеся,то служба бяспекі заўсёды вам верне рэч, але абавязкова пасля прагляду камеры назірання. Гэта робіцца для таго,каб мы былі ўпэўнены ў тым, што менавіта вы забыліся гэту рэч.
Лядовы палац
Адміністратар палацу:
-А што ў нас на лёдзе забудзешся? Шапку ды пальчаткі? Яны захоўваюцца ў гардэробе, а паколькі нашы наведвальнікі прыходзяць да нас часта, то, як правіла, рэчы хутка і вяртаюцца гаспадарам.
Гасцініца
Апошняя ўстанова, куды мы звярнуліся – гатэль "Маладзечна". Гутарым з адміністратарам.
-Скажыце, а што часцей за ўсё забываюцца вашы госці?
-          А зарадкі для мабільнікаў і пашпарты лічыць? ,-хітра пытаецца адміністратар. І я разумею,што адказ будзе небанальны.
-          Не, не лічыць.
-          Тады заручальныя пярсцёнкі…вельмі  часта трапляюцца.
-          А былі нейкія цікавыя рэчы?
-          Так адразу не ўспомніш…А! Басаножак адзін  забыліся …ў студзені. Па рэчы вяртаюцца вельмі рэдка. Вось і цяпер ў сейфе адміністратара захоўваюцца некалькі пашпартоў. Так што звяртайцеся,калі ласка, з радасцю вернем!
Выглядае, што калі вы забыліся нешта ў грамадскім месцы -- не вешайце нос і спрабуйце вярнуць!
Дзяжурны па чыгуначным вакзале 74- 22-53
Гасцініца 77-16-76


Наталля Тур


Комментариев нет:

Отправить комментарий