вторник, 9 октября 2012 г.

Гумовыя боты - модна?!

Гумовыя боты - модна?!


Абутак, які ўчора лічыўся “вясковым” заваёўвае гарадскія вуліцы.
І гэта не дзіўна! Бо калі раней гумовыя боты былі чорныя і цяжкія, то сёння ў крамах можна пабачыць і чырвоныя, і блакітныя, і з кветачкамі. Як вынік – насіць гумовыя боты стала нябрыдка і нават модна! Рэакцыя грамадства на гэта самая розная: адны бяруцца за галаву ад жаху, бо лічаць, што падобны абутак  не варты таго, каб насiць яго ў горадзе, другiя ж, наадварот, вельмi добра ставяцца да новай моды i нiчога благога ў гэтым не бачаць.
 Адкуль навогул з’явiлiся  гумовыя боты на нашых вулiцах?  Паспрабуем разабрацца: цi варты яны ўвагi, або ўсё ж трэба пакiнуць iх для паходаў  па грыбы i ягады.
Упершыню гума з’явiлася ў Амерыцы ў пачатку ХІХ стагоддзя, калi Чарльз Гудзiер злучыў каўчук з серай пад дзейнасцю высокiх тэмператур. З яе пачалi вырабляць боты ды многа шмат чаго другога. У 1856 годзе  амерыканцы Спэнсар Пармэлi i Генры Норрыс ў Шатландзii заснавалi  адну з самых вядомых фiрм па вырабу гумовых ботаў – “Hunter. Спачатку гэтыя боты насiлi толькi паляўнiчыя ды фермеры, але на сённяшнi дзень iх мае амаль кожны еўрапеец.
Невядома, цi ўбачылi б мы гумовыя боты на вулiцах горада, каб у 2005 годзе вядомая мадэль Кейт Мос не абула боты Hunter на музычны фестываль. Пасля гэтага яны сталi настолькi папулярнымi, што за iх выраб узялiся знакамiтыя дызайнеры, такiя як Prada, Burberry, Jimmy Choo, Chanel.
Cёння ў крамах можна знайсцi самыя разнастайныя мадэлi на любы густ: i з дэкорам, i з абцасамi, i нават пад кракадзiлаваю скуру. Вырабляюць гумовыя боты і беларускія вытворцы. І набыць іх можна без цяжкасцей, нават на вілейскім кірмашы. Дарэчы, кошты  на такi абутак значна меншыя, чым на звычайныя асеннiя боты. Ды i карысць ад iх значная: вельмi часта бывае так, што мы купляем  дарагi скураны абутак, але праз некаторы час заўважваем, што пад уздзеяннем хiмiчных рэчываў, што трапляюць на нашы вулiцы, ды i проста вялiкай колькасцi вады яны вельмi хутка псуюцца i губляюць свой прыгожы вонкавы выгляд. Зрабiць у такiм выпадку ўжо нiчога немагчыма, i грошы за абутак, дарэчы вельмi дарагi сёння, назад не вернеш.Гумовыя ж боты можна насiць смела, а калi i сапсуюцца, то гэта будзе не так адчувальна для вашага бюджэта.
 Мінусы таксама ёсць: медыкі папярэджваюць, што калi хадзiць у гумовых  ботах штодзённа, можна нашкодзiць сваiм нагам, бо гума не дае магчымасцi iм дыхаць, што можа прывесцi да ўзнiкнення грыбка.
 Калi ж не злоўжываць, то нiякай пагрозы няма, i можна, як у дзяцiнстве,  смела гуляць  па лужах i радавацца кожнаму восеньскаму дню, нават калi ён дажджлiвы.
Таццяна Владыка.

Апытванне вілейскай моладзі: “Як Вы ставіцеся да гумовых ботаў?”

Вiкторыя Уладыка, школьніца:
 “Да гумовых ботаў я стаўюся станоўча, бо ў іх ты не прамокнеш, а яшчэ  яны не разваляцца ў адрозненнi ад звычайных ботаў. У  iх можна рабіць што-небудзь на агародзе: палоць ці садзіць, у лес пайсцi цi  проста пошлёпать па лужах, i наогул яны вельмi зручныя…»
       Кацярына Лазарава, школьнiца:
 «Не, у дажджлiвае надвор’е  я не нашу гумовыя боты. Я абуваю іх толькі ў лес па грыбы ці ягады.”



Ларыса Куліцкая, фельдшар:
 “Гумовыя боты нашу толькі ў лес, але цяпер з’явілася шмат цікавых мадэлей, якія можна надзець і на шпацыр з сяброўкай па горадзе.”


 Аліна Равяка, школьніца:
 “Ну, нармальна стаўлюся. Цяпер на кірмашах сімпатычныя боты прадаюць з банцікамі і на абцасах.  Я не нашу іх, але, калі з’явяцца на шпільках, абавязкова куплю.”


Таццяна Шніткоўская, студэнтка:
 “Да гумовых ботаў стаўлюся няблага. Я з вёскі, таму ў дажджлівае надвор’е боты для мяне – найлепшы варыянт! Але ў  горад не абула б ніколі!”


 Вольга Нямковіч, студэнтка:
 “ Добра стаўлюся. У мяне ёсць гумовыя боты. Насіць магу іх усюды, нават на вучобу магу абуць. Цяпер такі вялікі іх выбар.”


Марыя Квяткевіч, бухгалтар :
 “ Да гумовых ботаў стаўлюся станоўча, бо сучасныя гумовыя боты кардынальна адрозніваюцца ад тых, што былі ў нашым дзяцінстве, а менавіта цяжкіх і няўтульных мадэляў, якія можна было выкарыстоўваць хіба што для прагулак па асенняму лесу ці працы на дачы. А цяпер той самы час, калі кепскае надвор’е становіцца звычайнай справай, таму вельмі хочацца захаваць ногі сухімі і не сапсаваць любімую пару туфлей.”


Комментариев нет:

Отправить комментарий