понедельник, 8 октября 2012 г.

Настаўнік цяпер не ў пашане?


У першую нядзелю кастрычніка ў нас будзе адзначацца Дзень настаўніка. На жаль, людзі гэтай прафесіі часта скардзяцца на нялегкае жыццё, многім з іх не да свята.


Што ж не задавальняе іх у сваёй працы? Чаму сучасная моладзь не лічыць педагагічныя спецыяльнасці прывабнымі? На гэтыя пытанні сёння адказваюць настаўнікі маладзечанскіх школ.

Нізкі заробак

Першае, што выклікае незадаволенасць – нізкі заробак.  З улікам рознай нагрузкі, катэгорыі  і стажу працы настаўнікі называлі зарплату ад 2 да 4 мільёнаў.
-Каб атрымліваць нармальныя грошы, патрэбна мець стаж працы 15-20 гадоў, узяць на сябе ворах дадатковых гадзін, улічваючы класнае кіраўніцтва, піянерскую арганізацыю і інш, -  кажа Вікторыя, настаўніца беларускай мовы і літаратуры.–  Здаецца, і ўзялі б, але гэта азначае адмову ад асабістага жыцця і зніжэнне якасці працы (бо выканаць гэта ўсё дасканала ў мізэрныя тэрміны амаль немагчыма!).

Знявага з боку вучняў

Выглядае, што гэта хвалюе найперш, бо не адна Вікторыя сказала аб нізкім заробку. Другой  па папулярнасці з’яўляецца непавага з боку вучняў. Дзеці дазваляюць сабе зашмат вольнасцяў, якія перарастаюць ў нахабства.
-Бывала, дасі вучню заўвагу па справе, а ён табе як адкажа, дык так крыўдна становіцца. Быццам не з педагогам, а з нейкім “блатным” гаворыць, - сказала адна з настаўніц. А паспрабуй толькі яму нешта не так адказаць! Гэта раней, у савецкія часы настаўнік меў нейкі аўтарытэт. Калі бацькоў выклікалі ў школу, гэта было катастрофай! А зараз што?! Ніякай дысцыпліны.
Безумоўна, у такой атмасферы вельмі цяжка працаваць.

Бюракратыя з паперамі

Практычна ўсе кажуць  аб праблемах, звязаных з папяровай цяганінай, калі настаўнік, замест таго каб правесці больш часу са сваёй сям’ёй, павінен рабіць нейкія планы, канспекты дома, на выходных.

 Класны кіраўнік – “нянька”

Наталля, класны кіраўнік, скардзіцца на тое, што ператвараецца ў “няньку” для сваіх навучэнцаў.
-Вось зловяць яго нецвярозага, напрыклад, недзе на вуліцы вечарам, я застаюся вінаватай. Размовы праводзім перыядычныя, але ж не факт, што пасля іх дзеці перастаюць нешта парушаць. Розныя сітуацыі, розныя дзеці, розныя сем’і – кажа яна. – Нярэдка бацькі “зваляць” усю адказнасць за выхаванне дзяцей на нас: маўляў, вы школа, вы і вучыце іх.
-Яна ж лічыць, што патрэбна супрацоўнічаць з бацькамі, каб сумесна займацца дзецьмі.

 “Нямодна”

-Цяпер прафесія педагога нямодная. Вядома, сучаснай моладзі не падабаюцца такія ўмовы. Яны наглядзяцца ў Інтэрнэце ды па тэлевізару ўсяго ўсялякага , а потым уяўляюць сябе прамоўтэрамі, дызайнерамі, мэнэджэрамі… – кажа настаўнік фізічнай культуры. Таксама яму не падабаецца, што дзяржава надае мала ўвагі да педагогаў.

Прапаноў, якія б істотна палепшылі сітуацыю на практыцы, амаль няма. Хіба што ўсе прапануюць павысіць настаўнікам заробак.

Дарэчы, усе апытаныя настаўнікі выказаліся, што без паклікання, без любові да дзяцей ісці працаваць у школу не варта.

Зрэшты, за 200 даляраў без паклікання  працаваць наўрад ці нехта і будзе...


Імёны настаўнікаў былі зменены.


Дар’я СПЕВАК.

Комментариев нет:

Отправить комментарий