вторник, 16 октября 2012 г.

Таццяна Шамодзі: “Педыятрыя – гэта мая стыхія”



Маладосць, энергія, поспех – гэта ўсё тое, што ўласціва Таццяне Шамодзі, намесніку галоўнага доктара па дзяцінстве і родадапамозе цэнтральнай раённай бальніцы.
Таксама Таццяна Пятроўна – чалавек года- 2011 Мінскай вобласці. Гэтая жанчына ў свае гады здолела ўзяць на сябе сур’ёзную адказнасць і пры гэтым застаецца жыццярадасным і адкрытым чалавекам.


У 1994 годзе Таццяна скончыла медыцынскі інстытут і панеслася: інтэрнатура, ардынатура, праца ўчастковым педыятрам, доктарам-рэабілітолагам, загадчыца дзіцячай паліклінікі.
– Калі вы вырашылі звязаць сябе з медыцынай?
– Доктарам я вырашыла стаць у 9-м класе. У 10-м рашэнне засталося нязменным, і я паехала паступаць.
– Што вам здаецца самым складаным у працы цяпер, калі вы сталі спецыялістам з досведам?
– З пазіцыі досведу праца становіцца ўсё больш складанай і складанай, бо прыходзіць разуменне таго, што любая сітуацыя, нават самая простая, можа скончыцца па-рознаму. Калі ты малады доктар, то на гэта не звяртаеш асаблівай увагі. А з гадамі даводзіцца сутыкацца з рознымі рэчамі, вось тады і разумееш, што жыццё – гэта такая загадка...
– На ваш погляд, якая рыса сучаснасці сёння перашкаджае грамадству?
– Як грамадства я разглядаю маладое пакаленне, якое ідзе за намі. Сёння яму не хапае самастойнасці, упэўненасці для самасцвярджэння. Бо любое грамадства для сваёй рэалізацыі не важна, не важна, у якой сферы павінны быць упэўненым у сабе. А наша моладзь вельмі разумная, але пры гэтым вельмі прывучаная да гіперапекі.
– Вашы самыя значныя дасягненні ў жыцці?
– Шчаслівыя вочы пацыентаў і іх здаровае дзяцінства.
– Кар’ера ў вашым жыцці. Як вы гэта ўспрымаеце?
– Я ніколі не ставіла перад сабой мэту пабудаваць кар’еру. Усё гэта рабілася само па сабе. Я сёння тут, я працую, а кар’ера ідзе побач са мной.
– Вам даводзіцца мець зносіны з людзьмі. Якую рысу характару вы б назвалі адмоўнай?
– Недавер да людзей.
– Станоўчай рысай?
– Адкрытасць, дабрыня.
– Самыя шчаслівыя моманты ў вашым жыцці?
– Шчасцем было паступленне ў медыцынскі. Дамогшыся свайго, шчасцем было нараджэнне сына. Шчаслівымі можна назваць тыя моманты, калі я адчула сябе рэалізаванай на працы, калі я зразумела, што займаю сваё месца і мне на гэтым месцы камфортна. Педыятрыя – гэта мая стыхія, дзе я павінна жыць, павінна працаваць.
– Хто быў вашым галоўным настаўнікам?
– Калі задумацца над гэтым, то можна з упэўненасцю сказаць – гэта мая сям’я, якая дала асновы для жыцця, паказала гэты свет. А далей настаўнікі, якія суправаджалі: у школе – настаўніца хіміі Тамара Мікалаеўна Лявошка; былая загадчыца дзіцячай паліклінікі Святлана Іванаўна Скапец. Усе тыя людзі, якія дапамагалі мне рэалізоўвацца ў прафесіі, паказалі, чаго можна дасягнуць, будучы доктарам.
– Як змянілася Таццяна Пятроўна ад маладзенькай студэнткі да паспяховай і цікавай жанчыны?
– Мабыць, гэтае пытанне трэба задаваць не мне (смяецца). У душы я ўсё тая ж Танечка-студэнтка, толькі, як бы банальна гэта не гучала, з досведам “у руках”.
– Ваш дэвіз?
– Калі не я, то хто?
– Ваша любімае свята?
– Я вельмі люблю сямейныя святы. Люблю Новы год, люблю дзень нараджэння свайго сына... Усёй сям’ёй заўсёды святкавалі 1 верасня і апошні дзень навучальнага года.
– Як выхаваць добрых дзяцей?
– Давяраць сваім дзецям, любіць іх. Асабістым прыкладам паказваць стаўленне да жыцця. Адкрываць кожны дзень дабрыню, спагаду, узаемадапамогу... І рабіць іх адукаванымі.
– На вашу думку, што перашкаджае сёння чалавеку быць шчаслівым?
– А  што такое шчасце? Назваў сябе шчаслівым, і ты ім будзеш. Я не думаю, што камусьці перашкаджае нешта быць такім. Трэба проста мець сваю сістэму вымярэння шчасця, і ты  абавязкова станеш шчаслівым.
Аляксандра ЭГЕРТ.

Комментариев нет:

Отправить комментарий