суббота, 15 декабря 2012 г.

Восень – час ствараць

Гэта пара года сапраўды самая прыгожая і шчодрая. Багаццем сваіх фарбаў яна натхніла на творчасць работнікаў дзіцячага цэнтра культуры «Расток». Пры падтрымцы аддзела культуры райвыканкама ўпершыню быў арганізаваны раённы конкурс дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва «Асеннія фантазіі». У ім прынялі ўдзел дзеці, дарослыя, а таксама сем’і і ўстановы адукацыі. Вынікі падводзіліся ў трох намінацыях — «галаўныя ўборы», «парасоны», «аксесуары». Былі прадугледжаны і спецыяльныя прызы. Конкурсныя работы былі выкананы ў розных тэхні-ках і абавязкова з прыроднага і падручнага матэрыялу. Журы, у склад якога ўваходзілі прафесіянальныя мастакі, выкладчыкі адпаведных дысцыплін, ацэньвала найперш мастацкі і эстэтычны ўзровень, прэзентацыйнасць, крэатыўнасць і арыгінальнасць. Удзельнікі вельмі творча падышлі да заданняў, і ўрэшце атрымаліся маленькія шэдэўры. Толькі ўявіце экстравагантны парасон, дэкарыраваны пад павуціну! Ці капялюш, упрыгожаны гронкамі рабіны, нібы самымі дарагімі рубінамі. А аксесуары, якія пераліваліся ўсімі фарбамі восені, не пакінулі абыякавымі ні дзяцей, ні дарослых.

Комментариев нет:

Отправить комментарий