пятница, 18 ноября 2011 г.

Раман Чаеўскі працуе выратавальнікам на возеры ў Маладзечне

 Анастасія Грыгулевіч,  "Рэгіянальная газета", 9.10.2011
Матрос-выратавальнік Раман Чаеўскі падтрымлівае бяспеку на возеры ў парку Перамогі. Добры і ўсмешлівы мужчына адказваў на пытанні “РГ” проста на вадзе.
Матрос-выратавальнік Раман Чаеўскі працуе на возеры ў маладзечанскім парку Перамогі
– Як атрымалася, што вы працуеце матросам-выратавальнікам?
 
– Кастынг на гэта месца праводзіў Маладзечанскі водаканал. Прэтэндэнтаў было заяўлена шмат, але з усіх ахвотных засталіся я  і яшчэ два маладыя хлопцы – Яўген Валахоненкаў і Міхась Місевіч.
Галоўнымі крытэрыямі былі: уменне плаваць, добрая фізічная падрыхтоўка, жаданне працаваць. Таму што такая работа – адказнасць за жыццё людзей. Толькі на першы погляд здаецца, што на гэтай працы можна адпачываць. Насамрэч тут заўсёды трэба быць уважлівым.



– Дзе праходзілі навучанне і як доўга вы ўжо ў гэтай прафесіі?
– Прафесію матроса-выратавальніка атрымаў пасля навучання на абласной станцыі таварыства выратавання на водах. Працую ўжо каля месяца.

– А дзе раней працавалі?
– На станцыі ачысткі вады. Таксама адказная праца, ад якой залежыць здароўе людзей. Такім чынам, жыццё ў мяне з вадой звязанае. Новая праца мне падабаецца. (З усмешкай). Возера ў нашым парку – гэта мой першы ганаровы аб’ект.

– Што ўваходзіць у вашыя абавязкі?
– Сачу за парадкам на вадзе, каб у людзей была культура паводзін. Розныя людзі бываюць, адпаведна і выхаванне ў іх рознае. Вось і даводзіцца ўсё тлумачыць на асабістых прыкладах. А яшчэ сачу, каб усе ахвотныя пакатацца на катамаранах выконвалі інструкцыю па бяспецы. Напрыклад, дзеці павінны быць у выратавальных камізэльках і абавязкова, каб побач з імі прысутнічаў дарослы, які распісваецца ва ўліковай кнізе аб тым, што азнаёмлены з правіламі.

– Колькі прыкладна праплываеце ў дзень на сваёй лодцы за працоўную змену?
– Працоўны дзень у мяне ад 11 да 20 гадзін. Перыметр вадаёма 500 метраў. За гадзіну я па ім праплываю тройчы. Вось і атрымліваецца, што за змену праплываю 13,5 кіламетра.

– А за чысцінёй вадаёма таксама сочыце?
– Так, я чышчу возера. Для гэтага ў нас ёсць спецыяльныя падхопнікі. Імі карыстаемся, калі працуем з берага і калі трэба штосьці дастаць з дна. На аб’екце таксама ўсталяваныя спецыяльныя фільтры. Вада паступае з агульнай свідравіны. Узровень вады рэгулюецца. Яна вельмі чыстая, бачнасць да 1,5 метра.

– Ці шмат смецця вам прыходзіцца даставаць з вады?
– Калі праходзіў фестываль беларускай песні і паэзіі, мяшкамі смецце выносілі. Працавалі ад самай раніцы. Таму народ не заўважаў бруду ў вадаёме. А аднойчы сметніцу нехта вырваў і кінуў у ваду. Яна вельмі цяжкая, і зрабіць гэта аднаму чалавеку вельмі няпроста. Не разумею такія ўчынкі. Вандалізм нейкі.

– Даводзілася ўжо ратаваць людзей?
– Ратаваць – не. Толькі на фестывалі быў адзін дзівак, які залез на фантан. Мы яго з дапамогай выратавальных сродкаў знялі і даставілі на бераг, у рукі міліцыі. Не раю паўтараць гэты подзвіг, таму што за такія парушэнні прадугледжаны штраф у памеры 350 тысяч рублёў.

– Што трэба нам усім рабіць для таго, каб возера ў парку заставалася чыстым?
– У першую чаргу, трэба быць патрабавальным да самога сябе. Не кідаць смецце абы-дзе. Чаму тое, што створана для нас, мы павінны забруджваць? Трэба заўсёды памятаць, што вакол цябе людзі, і з павагай да іх адносіцца.
Анастасія ГРЫГУЛЕВІЧ, студэнтка Інстытута парламентарызму і прадпрымальніцтва.

Комментариев нет:

Отправить комментарий