воскресенье, 13 ноября 2011 г.

Як дзецям не прадаюць цыгарэты

Марыя ЭЛЯШЭВІЧ, www.websmi.by, 31.10.2011




Абараняць свае правы ў кіёсках і крамах я пачала даўно. Ну вельмі гэтага патрабаваў надпіс “Покупатель, защити свои права – потребуй чек!”, але ж зараз не пра гэта. У гэты раз да спадобы прыйшоўся выраз “Табачные изделия продаются только лицам, достигшим 18 лет”. А пачалася гісторыя вось як.



Я чакаю аўтобус на прыпынку, і тут да мяне падыходзіць маленькая дзяўчынка. Я не спецыяліст ва ўзросце дзяцей, але ж ёй было не больш за 12. “Извините, а сколько время?” — звяртаецца дзяўчынка да мяне ціхенькім галасочкам. Пакуль я шукаю тэлефон у сумцы, адчуваю, што новая знаёмая глядзіць на мяне не спускаючы вачэй. Адказваю дзяўчыне, што зараз дванаццаць. Тая дзякуе, але не ўходзіць, стаіць побач са мной. «А купите мне, пожалуйста,... Пал Мал», — просіць малая ціхім голасам і сарамліва працягвае мне грошы. Некалькі секунд я стаю моўчкі і нават не ведаю, што адказаць дзяўчыне, якой не больш за 12. Кажу, што мне няма яшчэ 18-і, таму ніяк, не прададуць мне, але сама выдатна разумею, што прададуць, нават ёй прададуць. Так і адбываецца.
Пасля яна заве сваіх сяброў і яны ўпяцёх (дзве дзяўчынкі і тры хлопцы прыблізна аднаго ўзросту) лічаць грошы і вырашаюць, хто выглядае самым дарослым.
-Лёша, иди ты! Тебе 13, и ты мальчик! – выпіхваюць яны старэйшага прадстаўніка.
13-гадовы Лёша баіцца, але ж, задаволены тым, што самым дарослым выбралі менавіта яго, бярэ грошы і падыходзіць да касы.
-Пал Мал, — сур'ёзным дзіцячым голасам просіць Лёша.
Але прадаўца дзіцячы голас не засмуціў. Яна дае малому цыгарэты і працягвае разгадваць крыжаванку. Лёша з ганарлівым выглядам прыносіць пачак, усе скочуць шчаслівыя.
Чакаю хвіліну, пакуль дзеці пойдуць. Падыходжу да касы: «Яму ж няма 18-і». Жанчына не жадаючы адрывае вочы ад крыжаванкі: «И что? Мне теперь у каждого паспорт проверять?» «А ці не гэта Ваша праца?» — пытаюся, а сама думаю: «Няўжо ў гэтага малога трэба пытацца пашпарт, каб зразумець, што яму нават да 16-і далёка?»
На наступны дзень бяру з сабой паўналетняга сябра і яго маленькую сястру. Дзяўчыне – 11, а выглядае і яшчэ на менш. Збіраемся высвятляць, дзе яшчэ не патрабуюць пашпарт. Ледзь угаворваю дзіця набыць цыгарэты, тая слаба разумее, навошта мне патрэбны ўвесь гэты цырк, але пасля націску старэйшага брата згаджаецца. Падыходзім да бліжэйшага кіёску. «Мне Винстон», — сарамліва працягвае грошы і апускае вочы Аліна. Прадавец незадаволена глядзіць на яе: «Паспорт у тебя есть?!» Навошта? Навошта бачыць пашпарт дзяўчынкі ростам метр сорак, каб упэўніцца, што ёй няма 18?! Аліна адмоўна матае галавой і ўжо збіраецца адыходзіць. «Девочка, возьми!» — вяртае яе прадавец.
У мяне яшчэ застаецца надзея знайсці кіёск,дзе дзяўчынцы не прададуць цыгарэты. Угаворваю Аліну, і мы ідзём далей. Вось ён, яшчэ адзін кіёск, сітуацыя паўтараецца. Але ж тут прадавец не пытаецца пашпарт, бачыць і так, што ўзрост не на 18. “Маленькая еще курить, иди мультики смотри”, — бадзёра адказвае прадавец. “Я не курю, это брату”, — запэўнівае навучаная мной Аліна і паказвае рукой на Максіма, які спецыяльна стаіць зусім у іншым кутку. “А, брату? Сама только не кури никогда”, — працягвае пачак маладая дзяўчына. “Які клопат!” – пераглядаемся з Максімам.
Абяцаю, што гэта апошні раз, загаворваю малышку, што тры – шчаслівая лічба і ўсё такое, даю парады, што сказаць, калі што ў гэтым кіёску.
— “Пал Мал!” — ужо бойка і нясціпла кажа Аліна ў акенца, да якога ледзь дацягваецца.
— Вот дети пошли! Восемнадцать исполнтся – будет тебе Пал Мал!
Аліна працягвае гаворку, прыплятае брата.
-Пусть брат сам подойдет и паспорт покажет сначала.
Замест брата падыходжу я, тлумачу жанчыне, што гэта не “дети пошли”, расказваю, у чым справа. “…і, ведаеце, Вы – першая, хто не прадаў сёння цыгарэты 11-гадовай дзяўчыне!..” – нібы з падзякай кажу ёй. “Хорошая моя, у меня своя внучка такого возраста, я как подумаю, что она тоже может начать курить, у меня вопрос, продавать ли детям сигареты, сам собой пропадает. А, знаешь, они же понимают, что ко мне за сигаретами можно не приходить, “эта старая все равно не продаст”, — так говорят. Хотя это тоже не дело. Главное же в таком возрасте объяснить детям, а не запретить… ”
Што галоўнае ў такім узросце? Ці ёсць сэнс такіх забарон, калі нават прадаўцы іх не выконваюць? А калі і выконваюць, хіба гэта цяжка, звярнуцца “за дапамогай” да старэйшага? Дзеці ж усё разумеюць, і ім тлумачыць трэба, а не забараняць.

3 комментария:

  1. Да, и это так, к сожалению! Мир открыт для детей, но где совесть старшего поколения?

    ОтветитьУдалить
  2. Кацярына:
    Вельмі падабаецца артыкул! Вельмі проста напісаны, дзеля любога чытача падыйдзе.
    Гэта твой здымак ці не? Бо неяк дзіўна, няўжо ў кіёсках ізноў гандлююць півам?

    ОтветитьУдалить
  3. Півам як гандлявалі ў шапіках, так і будуць гандляваць, ня бачу ў гэтым нічога дрэннага. Калі Вам не падабалася піць піва, дык іншым не замінайце яго піць

    ОтветитьУдалить