понедельник, 5 декабря 2011 г.

Тэатр павінен выклікаць альбо смех, альбо слёзы

Настасся РОЎДА, "Рэгіянальная газета", 05.12.2011г.  

http://Yandex.by


“Тэатр павінен выклікаць альбо смех, альбо слёзы – сярэдняга не бывае”, – лічыць адзін з папулярных маладзечанскіх акцёраў Алег Чэчанеў.


Некалькі тыдняў таму, калі ў маладзечанскім тэатры я набыла білет на монаспектакль “Сіні аўтамабіль”, то і ўявіць сабе не магла, што ўбачу на сцэне. Герой п’есы – пісьменнік, які прагне     даць адказы на ўласныя пытанні.
Як сапраўдны чалавек мастацтва, Алег Чэчанеў называе абстаноўку і атмасферу, якая пануе на сцэне, “творчай бязладзіцай”. У ёй заключаная сутнасць жыцця пісьменніка. Паказаць яе знутры, прадэманстраваць унутраныя супярэчнасці і рознагалоссі, безнадзейнасць, роспач, успаміны, якія не даюць супакою, прымусіць гледача разважаць – вось якой была галоўная задача акцёра. І Алег Чэчанеў выдатна з ёй справіўся.

Зацікавіць можна любога гледача

Нават тое, што на спектаклі былі ў пераважнай большасці школьнікі, не перашкодзіла яму агаліць ісціну. Алег Чэчанеў проста не даваў магчымасці зале абстрагавацца! Мабыць, гэта таму, што п’еса ўпершыню была прадстаўленая на суд гледачоў яшчэ ў 2003 годзе. Кожнае імгненне, кожная хвіліна, перажытая Алегам Чэчаневым на сцэне, адгукалася ва ўсіх прысутных у зале.

Гэта не дзіўна, бо спектакль заваяваў не адну ўзнагароду: атрымаў дыплом III ступені ў разрадзе “Майстры сцэны” на першым этапе Міжнароднага фестывалю монаспектакляў “Я” (Мінск, 2004 год), быў адзначаны дыпломам нацыянальнай камісіі па справах ЮНЕСКА на другім этапе фестывалю “Я” (Маладзечна, 2005). У Рызе на Міжнародным фестывалі “ЗОРКА – 2006” спектакль заняў I месца. А таксама атрымаў узнагароду дырэктараў міжнародных фестываляў аднаго акцёра на 41-м фестывалі “Вроцлаўскія сустрэчы тэатраў аднаго акцёра” (Вроцлаў, Польшча, 2007).

Я была здзіўленая поспехам спектакля “Сіні аўтамабіль”, а таму не згубіла магчымасці пагутарыць з Алегам Чэчаневым.

– Скажыце, калі ласка, як у вас з’явілася ідэя паставіць п’есу “Сіні аўтамабіль”?

– З’явілася яна ад жадання зрабіць штосьці арыгінальнае і цікавае ў першую чаргу для сябе як для акцёра тэатра. І паказаць, як я ўяўляю тэатр і сваю акцёрскую працу. Бо тады ў мяне не было нічога цікавага і глыбокага, што я мог бы іграць на сцэне.

– А чаму вы абралі для сябе менавіта вобраз пісьменніка?

– Справа ў тым, што выбіраў не я. Гэта п’еса ўкраінскага аўтара Яраслава Стэльмаха, які загінуў у аварыі каля васьмі гадоў назад, якраз калі выпускаўся спектакль. Я тады збіраўся запрасіць яго з Кіева.

Yandex.by


– Як п’еса апынулася ў вас у руках?

– Калісьці мне проста далі яе пачытаць. Заснавальнік нашага тэатра Мікалай Мацкевіч прапанаваў мне проста з ёй пахадзіць. Практычна два гады я з ёй, што называецца, ночыў. Вядома, я ўдзячны яму за гэта, нават не думаў, што будуць нейкія там фестывалі. Да гэтых “аскараносных” паездак я стаўлюся вельмі іранічна (смяецца). У першую чаргу мне было цікава зрабіць глыбокі матэрыял і перадаць яго гледачу. Хай будзе сядзець 50 чалавек у зале, хай 200, хай 300, але хочацца неяк схапіць іх, аб’яднаць.

 – У якіх краінах і гарадах гледачы ўжо паспелі пазнаёміцца з вашай п’есай “Сіні аўтамабіль”?

– Быў у Латвіі, Літве, Рызе (на фестывалі монаспектакляў). Ёсць у акцёраў такое павер’е: “Ты павінен раз у жыцці сыграць спектакль у Маскве”. У мяне і гэта было. Потым я пабываў у Польшчы ў Вроцлаве, што з’яўляецца вельмі вялікім гонарам. Хваляваўся, жыў на гліцыне (заспакаяльныя таблеткі), таму што гэта найстарэйшы ў Еўропе фестываль тэатраў аднаго акцёра. Для мяне выступаць там было вельмі ганарова: нейкі хлопец, з нейкага гарадка і выйшаў на такі прэстыжны ўзровень. Тады мне сказалі: “Вы прыехалі і разбілі наш фестываль!” А я кажу: “Я гэтага не хацеў! Я стараўся! Я не хацеў нічога разбіваць!”

– А як вас прынялі гледачы Вроцлава?

– Вельмі добра. Там, па-першае, фестывальная публіка, па-другое, закрытая камерная зала. У прынцыпе, можна купіць білет, але калі ў нас дзесьці 170 месцаў, то там усяго 80. Я лічу, што тэатр цікавы для любога гледача, пачынаючы з 17-18 гадоў, а не “шалёных школьнікаў”, якіх сілком прымушаюць глядзець. Тэатр павінен выклікаць альбо смех, альбо слёзы, таму што сярэдняга не бывае. Штосьці павінна прымусіць чалавека ўсміхнуцца ці перайсці на якія-небудзь сур’ёзныя ўнутраныя разважанні.

– Па вашым спектаклі атрымліваецца, што сям’я – самае важнае ў жыцці чалавека. Вы згодны з гэтым?

– Так, фактычна так. Кожны шукае шчасце па-свойму. Або не шукае, а проста ідзе і атрымлівае тое, што яму хочацца. Быццам ён – акцёр нейкага маленькага тэатра: кудысьці імкнецца, кудысьці трапляе. І ствараецца адчуванне, што чалавек удачлівы.

– Колькі вам часу трэба было, каб ужыцца ў ролю?

– Прыблізна два гады я хадзіў з п’есай, пачытваў. Неяк пачуў адну цудоўную мелодыю і зразумеў, што яна павінна быць тут. Ад гэтай музыкі я чэрпаў натхненне. Яно ж два гады збіраецца, а пасля за тыдзень усё выплюхваецца. Жонка тады мне вельмі дапамагла.

– А як сям’і даводзіцца? Бо вы на сцэне перажываеце столькі эмоцый ...

– А ў сям’і таксама свае эмоцыі. Толькі гэта ўжо зусім іншыя. Усякія бываюць сітуацыі: і канфлікты, і непаразуменні. Але гэта натуральна. Гэта жыццё. Іншае, сапраўднае...

– Вы працуеце ў тэатры ўжо на працягу 18 гадоў. Што вам за гэты час больш за ўсё запомнілася?

– Памятаю, як я прыйшоў хлопчыкам ў тэатральную студыю, мне было тады ўсяго 5 гадоў. Не ведаю, што мяне туды павяло, напэўна, жаданне крыху іншых зносін, жаданне іграць, хутчэй за ўсё. Як быццам гэта пясочніца, а не тэатр. Для мяне важней за ўсё ідэя ў галаве, а ўсё астатняе – нейкія праблемы, непаразуменні... Гэта мне не трэба. Абсалютна.

– Вам не даводзілася шкадаваць аб тым, што сталі акцёрам?

– Не, я, вядома, шкадаваў, таму што ёсць матэрыяльны бок, а ён заўсёды быў неадназначны. Памятаю яшчэ гады вэрхалу, пераход ад Савецкага Саюза, вар’яцкую інфляцыю .... Тады я атрымліваў заробак у 25 долараў. Хоць узровень коштаў быў ніжэй, у любым выпадку, я дазваляў сабе шакаладку «Alpen Gold» купіць, як цяпер памятаю, раз у паўгода, і, здаецца, быццам нічога ў жыцці не еў смачнейшага. Вось гэта ў мяне ў памяці засталося.

Акцёрамі заўсёды былі людзі, якія жывуць па прынцыпе «ваўка ногі кормяць», таму што ... ну гэта ўсюды так. І ў Расіі, і ва Украіне, і тут. Таму самая галоўная праблема – гэта матэрыяльная.

– А свайму сыну пажадалі б такога жыцця?

– Не, ніколі. Я не хачу, сур’ёзна, не хачу.

– Але калі ён вам скажа: “Буду акцёрам і кропка”?

– “Ідзі, я цябе карміць не буду”. Не, ну вядома, я скажу “карміць не буду”, а сам буду дапамагаць. Таму што, у любым выпадку, атрымліваецца, што ўсё лепшае аддаеш дзіцяці. А як інакш…

Yandex.by
А таксама тут: rh.by

                                  

Комментариев нет:

Отправить комментарий