воскресенье, 18 декабря 2011 г.

Журналіста Валошына звольнілі з працы...

І за колькі месяцаў рэдактар-тэрмінатар знішчыць “Звязду”



Учора майго сябра і калегу Яўгена Валошына звольнілі са “Звязды”. Дакладней не абстрактна “звольнілі”, а подла выгнаў новы “галоўны рэдактар” Алесь Карлюкевіч. Два з паловай гады таму ў “Звязду” Яўгена Валошына прывёў я. А за пару тыдняў да гэтага мяне самога туды запрасіў галоўны рэдактар Уладзімір Наркевіч. Я не хачу пісаць “экс-галоўны” ці “тагачасны” – бо выглядае, што ён быў апошнім сапраўдным галоўным рэдактарам.
Калі глядзець у канец гэтай гісторыі, то гэта – якраз звальненне Валошына. А паўгады таму звольнілі мяне самога. Я не пісаў тады пра гэта і не даваў каментароў, бо спрыяльны момант наступіў толькі зараз – калі самога Наркевіча звольнілі, калі ў справе з’явіўся антыгерой, а фінал ужо збольшага зразумелы.
За што звольнілі Яўгена Валошына? Фармальна – за тое, што “ў працоўны час” з’ездзіў за мяжу, у Кіеў, на Глабальную канферэнцыю журналістаў-расследвальнікаў, дзе прадстаўляў Беларусь. Адкуль пра гэта даведаліся? “Рэдактара” выклікалі ў Міністэрства інфармацыі, дзе “паказалі ананімку” пра нягодніка-Валошына, які не сядзеў у кабінеце, строчачы пра надоі-намалоты, а ледзьве не дыскрэдытаваў Радзіму там у Кіеве. Рэальна ж Валошына звольнілі, бо, мяркую, для гэтага і быў пастаўлены рэдактар з пагонамі Карлюкевіч – разграміць “Звязду”, якую – вы будзеце моцна рагатаць – у адміністрацыі самі ведаеце каго лічылі ледзьве не “гняздом апазіцыі”.
За што звольнілі ў канцы траўня мяне? Фармальна – скончыўся кантракт, я адпрацаваў роўна два гады. Рэальная прычына мне вядомая (прычым не ад Наркевіча) – не за нейкую там абстрактную “палітыку”, а вось за гэты артыкул. Рэктар Універсітэта культуры Святлоў звярнуўся да свайго знаёмца Радзькова, які цяпер у адміністрацыі кіруе ідэалогіяй дзяржаўных газет. Радзькоў зрабіў вымову Наркевічу, а потым патрос перад тварам загадам на звальненне, прыстрашыўшы “ня будзеш слухацца – пушчу ў ход”. Чаму я не распавёў гэта ў траўні? Бо не хацеў паскорыць сыход Наркевіча – тады яго б звольнілі не ў лістападзе, а значна раней. Чаму я баяўся нашкодзіць чалавеку, які мяне звольніў? Бо лічыў і лічу яго прыстойным, сумленным і інтэлігентным беларусам – адзіным такім чалавекам сярод рэдактараў усіх дзяржаўных газет. Чым адрознівалася “Звязда” ад іншых? Тым, што асатнія прадукавалі подласць, а “Звязда” толькі перадрукоўвала – калі зусім ужо было не выкруціцца. Апроч усякай лухты, у “Звяздзе” было багата вартых матэрыялаў пра мову, культуру і гісторыю. Гэта важна. Яшчэ і таму, што “Звязда” – адзіная ў краіне штодзённая беларускамоўная газета.
У чым роля Алеся Карлюкевіча? І навошта замест легендарнага Уладзіміра Наркевіча, які ўзначальваў газету 22 гады, кінулі вельмі сярэдняга журналіста і зусім слабога літаратара? Мне прыгадваецца 2000 год, калі я друкаваўся ў “Чырвонай Змене”, галоўным рэдактарам якой быў пастаўлены якраз Алесь Карлюкевіч. Прайшло троху часу – і так “супала”, што менавіта за яго рэдактарствам газета была знішчаная (староначка ў “Звяздзе” ў залік не ідзе). Потым таварыша Карлюкевіча ўзялі ў “Советскую Белоруссию” – павысілі, трэба думаць. Чым жа ён там займаўся? Пісаў пра “Дажынкі”, аграгарадкі, першы мільён тон на Міншчыне, як 33 каровы пад цягніком загінулі… Але сустракаліся напраўду подлыя, недаравальныя рэчы – як, напрыклад, вось гэты “некралог” на смерць Васіля Быкава. Што ж рабіў Алесь Карлюкевіч потым? Зноўку здабыў падвышэнне – узначаліў не хухры-мухры, а цэлы холдынг “Літаратура і Мастацтва”. Але ўзначаліў калі? Тады, калі былі звольненыя ўсе сапраўдныя рэдактары, а ўсе прыстойныя людзі следам звольніліся самі. Гэтая сітуацыя нагадвае мне абстрактную сцэну з вайны, калі ў вёску ўваходзяць немцы і пытаюцца: “Каму даваць зброю, хто будзе нам памагаць?”. А нейкі адзін мікіта зносак бяжыць насустрач: “Я!.. Я!..”
Нехта пісаў, што пасля кіраўніцтва гэтым слаўным холдынгам рэдактарства ў “Звяздзе” – паніжэнне, ссылка для Карлюкевіча. Выглядае, што гэта проста місія, альбо, цытуючы ягонага боса, “вам – заданіе”. Мой прагноз – што менавіта пад кіраўніцтвам Карлюкевіча “Звязда” перастане існаваць як самастойная газета.
Звольніць аднаго з лепшых журналістаў газеты – мудры ход. Майго калегу Яўгена Валошына гэты “рэдактар” звольніў як умеў – па-ваеннаму. Спачатку “літасцева” прапануючы напісаць “па ўласным жаданні”, потым пагражаючы “па артыкуле”, потым шантажом – маўляў, разбяруся і з тымі, хто цябе пакрываў. А тых, у сваю чаргу, страшыў пракуратураю.
Што тут казаць. Уладзімір Наркевіч быў галоўным рэдактарам “Звязды” 22 гады. Нядаўна я быў у лазні са “свабодаўцамі”, якія адпрацавалі пад ягоным кіраўніцтвам 8-10 гадоў. І нават цяпер, працуючы ў незалежным СМІ, адгукаюцца пра яго выключна паважліва, як пра прыстойнага чалавека. Таварышу Карлюкевічу хапіла месяца, каб зняважыць словазлучэнне “галоўны рэдактар “Звязды”.

допіс Яўгена Валошына пра ўласнае звальненне ЧЫТАЦЬ ТУТ


публікацыі на сайце БАЖ, Свабоды, Нашай Нівы, Еўрарадыё

,

Алесь Карлюкевіч. Здымак зроблены Яўгенам Валошыным (схаванай камэрай) у часе звальнення.

3 комментария: