пятница, 9 декабря 2011 г.

Як жывецца людзям з вядомым прозвішчам

Маша ЭЛЯШЭВІЧ websmi.by 09.12.2011


Cёння паэту споўнілася б 120 гадоў

За што чалавек, які ніколі не пісаў вершаў, атрымаў мянушку Паэт? Як Максім Багдановіч здаваў іспыт па беларускай літаратуры ва ўніверсітэце? І ці творчая гэта прафесія, мэблю збіраць?.. У дзень 120-годдзя з  нараджэння Максіма Багдановіча я даведалася, як сёння жывуць цёзкі паэта.
“Пра ткачых люблю, васількі… і бяздольнасць…”
— Максім, скажыце, якая першая асацыяцыя са словам “вянок”?
— Вянок? З кветак вянок, дзяўчыны ўлетку робяць. Збіраюць дзьмухаўцы і робяць. Мяне бабуля, дарэчы, калі малы быў, вучыла прыгожыя вянкі рабіць. А, пачакайце-пачакайце... Гэта вы зараз да таго, ці ведаю я зборнікі вершаў свайго знакамітага цёзкі? (смяецца)
— Да-да, менавіта да таго. Вось, значыцца, ведаеце. Хоць і першыя асацыяцыі пра жаночыя ўпрыгожванні былі. А як, наогул, да творчасці Багдановіча ставіцеся? Любімыя вершы ёсць?
— Любімыя? Пра ткачых люблю, васількі… і бяздольнасць…
Ад родных ніў, ад роднай хаты…
Яны, бяздольныя, узяты …
У школе вучыў, а зараз ужо дакладна і не працытую. Канешне, столькі год прайшло.
-Даўно школу скончылі?
— Ужо і ва ўніверсітэце адвучыўся. Працую два гады.
-А ў Вас спецыяльнасць творчая ці тэхнічная?
— У мэблевым магазіне працую. Гэта як, творча ці тэхнічна? Я сам не вызначыўся яшчэ. Сябры рамонт калі робяць, да мяне звяртаюцца часта. Так я сябе дызайнерам адчуваю, чым не творчая спецыяльнасць? Ну а так, штодзённа, калі мэблю збіраю, тут ужо тэхнічная, канешне.
У нас проста ёсць імёны Максім і Багдан…
У сацыяльнай сетцы пішу хлопцу з Украіны, у якога ў імені і прозвішчы напісана “Максим Богданович”:
-А ў Вас сапраўднае імя і прозвішча тут стаіць?
— Не
-А чаму тады менавіта гэтыя? Ва Украіне пра Максіма Багдановіча ведаюць?
— Што значыць ведаюць? Ты маеш на ўвазе якога менавіта чалавека? У нас проста ёсць імёны Максім і Багдан. Багдановіч-гэта імя па бацьку. Вось я сабе так прыдумаў, таму так тут падпісаны.
Атрымаў мянушку Паэт толькі з-за прозвішча
-Максім, а Вы вершы не пішаце?
— Пісаў толькі ў школе, калі адзнака добрая патрэбна была. Але ж атрымлівалася не хужэй, чым у выдатнікаў.
-Значыцца, задаткі нейкія да творчасці ёсць усё ж такі… Да, наконт школы. Не было такога, каб аднакласнікі жартавалі, нібы Вы павінныя ведаць усю біяграфію ды вершы Багдановіча на памяць?
Канешне! Куды ж без гэтага. Калі прыехаў вучыцца ў Мінск, адразу ж атрымаў мянушку Паэт толькі з-за прозвішча! Наогул, калі кажу, што я – Максім Багдановіч, некаторыя не вераць адразу.
-А Кніжнікам не называлі? Толькі Паэтам?
— Не, да Кніжніка не дайшло.
-А ты што, Пушкін?
-Не, усяго толькі Багдановіч
-Максім, а прозвішча паэта абавязвае да нечага ці, можа, дапамагае?
— Оой! Я калі ва ўніверсітэце вучыўся, яшчэ як абавязвала. У мяне выкладчыцай па беларускай літаратуры была жанчына, якая лічыла, што я павінен ведаць літаратру беларускую “ад і да”, як гавораць. І на экзамене, памятаю, пыталася мяне так, нібы я гэтыя вершы сам пісаў (смяецца).
-А Вы з бацькамі ніколі не абмяркоўвалі, чаму Вас менавіта Максімам назвалі?
— Неяк у дзяцінстве вельмі цікавіўся, калі мае аднакласнікі расказвалі сваім бацькам і сябрам: “Ты ўяўляеш, у маім класе Максім Багдановіч вучыцца!!!” Але чаму мне выпаў такі зорны лёс, так і  дагэтуль не ведаю.
-А, можа, якія -небудзь цікавыя выпадкі былі, звязаныя з прозвішчам? Не прыгадаеце?
Быў выпадак, які, напэўна, унукам яшчэ сваім расказваць буду. Гэта ў той час, калі я яшчэ школьнікам быў. Адправілі мяне выступаць з дакладам па хіміі. Зараз такія мерапрыемствы канферэнцыямі завуць. І там трэба было прозвішчы свае жанчыне-арганізатару прадыктаваць. Наша з сябрам чарга амаль падыйшла, і я бачу, што жанчына прозвішча хлопца, што перада мной стаіць, няправільна піша. Кажу ёй пра гэта. Тая раззлавалася і крычыць: “Ты што, Пушкін, што ведаеш усё?!” Кажу: “Не, усяго толькі Багдановіч”. Яна пабурчала нешта і не верыла мне.  Заставіла мяне паказаць пашпарт, каб дапусцілі даклад чытаць.
Тэлефонны даведнік аператара “Вэлком” налічвае ў Беларусі 803 чалавекі з прозвішчам Багдановіч, Максімаў з іх – 7 .

Комментариев нет:

Отправить комментарий