четверг, 1 декабря 2011 г.

Міхась Чарняўскі: “Зямлю можна чытаць як кнігу”

Зоя ХРУЦКАЯ, "Рэгіянальная газета", 2.12.2011.
Прэзентацыя кнігі археолага Міхася Чарняўскага “Каменны век Беларусі: ілюстраваны канспект лекцый” адбудзецца ў суботу, 3 снежня, на кафедры гістарычнага факультэта БДУ ў Мінску а палове 15 гадзіны.
Археолаг Міхась Чарняўскі. Фота tio.by.
На 60 старонках кнігі – асноўныя характарыстыкі палеаліту, мезаліту і неаліту, выкладзеныя ў выглядзе канспекта лекцый, якія вядомы ўраджэнец Мядзельшчыны чытаў сваім студэнтам з 2007 года. У ілюстрацыях выкарыстаныя і матэрыялы нашага рэгіёна, напрыклад, карта стаянкі першабытных людзей каля рэчкі Скема, перашыйку паміж Нараччу і возерам Мястра.




− Міхась Міхасевіч, а вы змаглі б паразумецца з чалавекам каменнага веку?
− Я вывучаў іх побыт, вераванні, ведаю, як яны жылі і як думалі, таму, мяркую, мы маглі б паразумецца. Іх мысленне было паляўніча-рыбацкае. Насілі зусім іншую вопратку, інакш харчаваліся. Яшчэ не ведалі земляробства. Не галіліся і не мыліся. Былі вельмі блізкія з прыродай, ад якой моцна залежалі.
− Пра што вам было б цікава даведацца ад чалавека таго часу?
− Найперш цікава было б пачуць мову, пашукаць у ёй карэньчыкі нашай сённяшняй мовы.  Але варта разумець, што каменны век на Беларусі доўжыўся каля дзесяці тысяч гадоў, існавалі розныя эпохі, якія адрозніваліся адна ад адной. Хацеў бы запісаць іх фальклор, убачыць танцы, пачуць музыку. Мы пра жыццё людзей гэтага часу ведаем прыкладна пяць працэнтаў дзякуючы каменным знаходкам. А якімі былі іх драўляныя рэчы, што не маглі дайсці да нас?
− Вы з дзяцінства хацелі быць археолагам?
− Памятаю, што з дзяцінства хацеў падарожнічаць. Мяне вабіў далягляд. Любіў стаць на пагорак і ўзірацца ўдалячынь, а там віднеліся сіняватыя лясы. І мне заўсёды хацелася паглядзець, што за імі. Цікава было, што за камяні ў мяне пад нагамі. Хацелася пра гэта ўсё даведвацца, адкрываць нешта ў зямлі. Таму марыў стаць геолагам ці географам. Але для такіх прафесій патрэбна была матэматыка, з якой у мяне было слаба, я яе не любіў. Бяздушныя формулы прыводзілі ў глыбокую дэпрэсію (смяецца).
− Ці цяжка было вучыцца ў пасляваенны час?
− Бацька быў ляснічы. Тады  ў лясніцтва прывозілі малочны парашок у  амерыканскіх мяшках са шчыльнай паперы. Калі парашок скарыстоўвалі, заставаліся мяшкі, з якіх мама сшывала мне сшытак. І я быў адзіны, хто меў сшытак. Астатнія пісалі хто на чым: на старых польскіх сшытках, на кнігах, на польскіх ці нямецкіх газетах. Ужо была лямпа, а не лучына, і вось з лямпы саскрабалі сажу, з якой атрымлівалася добрае чорнае чарніла. Пёры і чарнільніцы былі польскія, а графітавыя дошкі ў класах – дарэвалюцыйныя.  У школу было халодна хадзіць, яна стаяла за два кіламетры, а па дарозе траплялася шмат ваўкоў.
− Як археолага вас турбуе існаванне чорнакапальнікаў?
− Чорнакапальнікі − жахлівая праблема ўсёй Беларусі. Яе вырашылі ў вельмі многіх краінах. Там прыватная асоба можа атрымаць ліцэнзію, з якой мае права займацца раскопкамі. І калі аматар знаходзіць нешта ўнікальнае, то дзяржава гэтыя знаходкі купляе. У нас жа гэта яшчэ ў дзікім стане. Практычна не засталося ні аднаго гарадзішча ці селішча, дзе б марадзёры не сабралі археалагічныя рэчы, у тым ліку ўнікальныя, якія потым прадаюцца ў Прыбалтыцы, Расіі. Паміж марадзёрамі падзеленыя раёны, у іх ёсць сайты, яны праводзяць семінары.
− Вы бралі на раскопкі сваіх дзяцей?
− Максім з двух гадоў са мной хадзіў на раскопкі, яму вельмі падабалася. І я цяпер вельмі шчаслівы, што сын стаў археолагам. Дачка Алеся стала мастацтвазнаўцай, але яе муж таксама археолаг. Унук Янка паспеў паўдзельчаць у экспедыцыі пад Брэстам. А ўнучка Марта мае хутчэй артыстычныя схільнасці. Наогул, жонка  мая, Святлана, любіць падмеціць, што ў Беларусі прыкладна 40 археолагаў, і з іх тры − у нашай сям’і.
− У вашым доме ёсць калекцыі знойдзеных рэчаў?
− Археолаг не можа быць калекцыянерам, тым больш археалагічных прадметаў. Як толькі мы даведваемся, што чалавек калецыянуе нешта, то выкідаем яго з археолагаў. Умова такая: хочаш быць археолагам − здай калекцыю. Як злодзей не можа быць банкірам. А знойдзеныя падчас экспедыцыі рэчы застаюцца ў археолага, пакуль ён не зробіць іх дакладнае апісанне. Калі апісанне зробленае, яго разам з прадметам перадаюць у музей.  Аднак у пэўных выпадках апісанне можа займаць гады.
− За гады працы вы не расчараваліся ў прафесіі?
− Мне падабаецца адчуваць свабоду. А прафесія археолага вельмі свабодная. Сам выбіраеш тэму, табе ніхто ні ў чым не ўказвае. Выбіраеш, калі і куды паедзеш, колькі там будзеш, дзе застанешся начаваць.
− Ці цяжка ўявіць, што было на зямлі тысячы гадоў таму?
− Зямлю можна чытаць як кнігу і расказваць па ёй, што тут адбывалася раней. Там, дзе сёння месца нам здаецца прыдатным для жыцця, даўней людзі хутчэй за ўсё не жылі. А жылі там, дзе цяпер рэчкі, напрыклад.  Загадак шмат на зямлі. Калі б не было загадак, не было б так цікава жыць.

Комментариев нет:

Отправить комментарий