четверг, 15 марта 2012 г.

Маладзечна на год стала экалагічнай сталіцай


Зоя ХРУЦКАЯ, "Рэгіянальная газета", 16.03.12.
Тут плануюць адкрыць біягазавую ўстаноўку, зрабіць ветрапарк, агарадзіць насаджэнні піхты белай. І гэта толькі пачатак!
Юбілейны, дзясяты, Рэспубліканскі экалагічны форум пройдзе сёлета ў Маладзечне. Гэта значыць, што ў гэтым годзе экалагічная сталіца будзе менавіта тут.
 
− Наш горад наогул лічыцца зялёным, − гаворыць Уладзіслаў Чарноў, начальнік Маладзечанскай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. − А форум праводзіцца, каб людзі зразумелі важнасць аховы прыроды. Мы імкнёмся, каб вада і паветра сталі чысцейшымі, захоўвалася біяразнастайнасць. Каб дзеці бачылі снегіроў не толькі па тэлевізары, але і ў кармушках каля вокнаў.
Форум прысвечаны папулярызацыі экалагічных ведаў. Стартам стане конкурс на сімвал форуму, які пачнецца ў сакавіку. Потым на працягу некалькіх месяцаў будуць ладзіцца і іншыя рэспубліканскія спаборніцтвы. А ў Маладзечне ў жніўні пройдзе фінальная частка: падвядуць вынікі ўсёй працы па экалагічным накірунку за год, узнагародзяць пераможцаў.
Мерапрыемства не пройдзе для раёна бясследна. Пасля яго ў Маладзечне застануцца пасаджаныя дэлегатамі дрэвы, памятны знак. Дарэчы, што канкрэтна ён будзе сабой уяўляць, пакуль невядома − для гэтага распачнуць адпаведны конкурс.


Жураўліны клін. Фота Віктара Казлоўскага.
− Можа, гэта будзе скульптурная кампазіцыя, напрыклад, зямны шар у руках чалавека, − разважае Уладзіслаў Чарноў. − Сёлета якраз 130-годдзе вялікага песняра Янкі Купалы. Таму можа быць дарэчы элемент папараць-кветкі.
Адкрыецца выстава дасягненняў навукі і тэхнікі ў вобласці аховы прыроды, падрыхтуюць вялікія кірмашы кніг і іншай друкаванай прадукцыі, акцыі кшталту “прынясі дзесяць пустых пластыкавых бутэлек з-пад мінералкі − атрымай адну поўную”.
Паказаць дэлегатам з усёй рэспублікі будзе што: на аграферме “Лебедзева” ў маі пачнуць вырабляць электра- і цеплаэнергію з біягазу, у Радашкавічах спраўна працуе міні-гідраэлектрастанцыя. У Лебедзеўскім лясніцтве адкрыюць помнік прыроды мясцовага значэння ­­­­– абгародзяць насаджэнні піхты белай, занесенай у Чырвоную кнігу, якая расце ў натуральным выглядзе толькі ў Белавежскай пушчы.
Каб дзеці не гулялі з цынкам
Паводле слоў Уладзіслава Чарнова, пасля леташніх “Дажынак” раён, і асабліва горад, стаў адным з лепшых у Беларусі па добраўпарадкаванні, чысціні. Але задача стаіць не толькі падтрымліваць стан, але і развівацца.

Малінаўка. Фота Віктара Казлоўскага.
− Напрыклад, вось у нас карта глебы па горадзе, − паказвае Уладзіслаў Чарноў. − Адна карта − вымярэнні ўзроўню свінцу, другая − цынку, трэцяя − выкіду шкодных рэчываў у атмасферу. І адразу бачна, дзе дзіцячую пляцоўку будаваць нельга. Можа, некалі дажывём да таго, што гэту зямлю знімем, а завязём больш чыстую. Такія вымярэнні затратныя, але на такую працу нельга шкадаваць грошай, таму што за гэтым − будучыня.
Тым не менш, начальнік Маладзечанскай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя падкрэслівае, што праблем у Маладзечне хапае.
Сярод найбольш актуальных экалагічных задач − прыцягваць адходы да паўторнага выкарыстання. Цяпер на Маладзечаншчыне перапрацоўваюць макулатуру, збіраюць шклатару, металалом, пластык.
Гной пачне грэць
− Самы звычайны акурак раскладаецца 12 гадоў, − кажа Уладзіслаў Чарноў. − Нафта і газ каштуюць шмат грошай, і пры гэтым яны некалі скончацца. Таму пытанне альтэрнатыўных крыніц энергіі актуальнае.
Зараз распрацоўваецца праект ветрапарку. Маладзечаншчына прэтэндуе на тое, каб адзін з ветрапаркаў размясцілі каля Алёхнавічаў − там дастаткова высокая мясцовасць. Некалькі ветракоў ёсць у Мядзельскім раёне.
Ветрапарк. Фота www.stroika.su.

На малочнатаварных фермах “Лебедзева” і “Забудова-агра” будуюць комплексы  з сучасным гнаясховішчам. У “Лебедзеве” пачнуць рабіць энергію з біягазу, на “Забудове-агра” гнаясховішча ўладкуюць так, каб рэшткі гною не траплялі ў паверхневыя воды, а самі адходы будуць выкарыстоўваць на ўгнаенне.
− Нядаўна прыязджала фінская дэлегацыя, прапаноўвалі праект па рэканструкцыі гарадскіх ачышчальных сістэм, − распавядае Уладзіслаў Чарноў. − Фіны вельмі перажываюць за асяроддзе, у якім жывуць. У іх ласі па дарогах ходзяць, як у нас каровы, на зайца наступіць можна. А вялізны завод па перапрацоўцы цэлюлозы ў год выплачвае экалагічнага падатку 100 еўра. У нас іншая сітуацыя.
Незалежныя эколагі пацвярджаюць, што Маладзечна – дастаткова чысты горад.
– Асаблівых праблем у Маладзечне я не магу назваць, ­– гаворыць намеснік праграмнага дырэктара Цэнтра экалагічных рашэнняў Яўген Лабанаў. – Няма хімічных заводаў, напрыклад. Праблема бытавых адходаў, як і ў іншых. З майго пункту гледжання, сярэднестатыстычны райцэнтр. А экалагічны форум заўсёды прыводзіць раён у лепшы стан.
У галіне аховы прыроды, паводле слоў  начальніка Маладзечанскай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, Беларусь лідзіруе сярод краін СНД. Але, мяркуе Уладзіслаў Чарноў, арыентавацца трэба на Еўропу.
Першы экафорум прайшоў у Оршы ў 2003 годзе. Потым ён праводзіўся ў Горках, Полацку, Мядзеле, Браславе, Рэчыцы, Гродна і Брэсце.
Адзін кілаграм макулатуры ратуе ад высечкі аднаго дрэва
Перыяды раскладання
Папера для абгортвання − ад 1 да 5 месяцаў
Акуркі і фільтры ад цыгарэт − 12 гадоў
Пластыкавыя пакеты, посуд з пластыка − некалькі дзесяцігоддзяў
Алюмініевая бляшанка − ад 200 да 500 гадоў
Пластмасавая бутэлька − 1000 гадоў
Кантэйнер для ежы з пенаполістэролу − практычна вечна

Комментариев нет:

Отправить комментарий