воскресенье, 11 марта 2012 г.

У Маладзечанскай бальніцы працуе конь (ФОТА)

Кацярына Рысік, "РГ" 09.03.12

Машка – імя кабылы, якая абслугоўвае Маладзечанскі радзільны дом і гарадскую бальніцу. Амаль кожны раз, калі бываю ў гэтым раёне, бачу, як сярод машын імчыцца воз з бялізнай. Трэба з імі пазнаёміцца!
Да конюха мяне павяла адна з працаўніц бальніцы:
-Майсеевіч! У вас жадаюць  інтэрв'ю ўзяць!
- Не трэба інтэрв’ю, навошта?
- Як не трэба? У газеце надрукуем фота вашага каня, – гавару я.
- Ды не трэба Машку здымаць! Вось машыну якую-небудзь сфатаграфуйце новую, а Машку навошта? - хаваецца загадкавы конюх за сваёй "сяброўкай". 
Сама Машка грацыёзна махае хвастом, і, здаецца, гатовая пазіраваць мне. Чаму ж не, калі яна сапраўдная прыгажуня, з такім прамым, як па модзе, рудым чубам?




- Няўжо нам толькі машыны фатаграфаваць? Іх жа ўсе бачылі!
- Так фатаграфуйце, калі прыгожыя! А каня не, вы што! Як жа так, што ў лякарні конь працуе? Гэта ж несумяшчальна!
- І чаго тады машынай не заменяць?
- Ну, - працягвае Майсеевіч, - трэба ж і машыну часам падмяніць.
Чалавек нарэшце выходзіць з-за кабылы. Цяпер яго можна разгледзець. Апрануты Барыс Маісеевіч Трыгуб ў доўгае паліто, цёплыя боты, тоўстыя рукавіцы, на галаву накінуты каптур, на вачах – вялікія акуляры ў чырвонай аправе. Ён пачынае запрагаць каня, нешта на ім папраўляць. Каб не губляць час, вырашаю адразу пачаць размову:
- Ці даўно Машка ў вас “працуе”?
-Яна сюды прыйшла ў чатыры гады, а цяпер ёй ужо трынаццаць – старая. Жывуць жа такія коні нядоўга. Машка ж не напружваецца, толькі бялізну возіць у пральню. А коням нагрузка патрэбна.
- О, дык пральня адсюль далёка, трэба ехаць па вялікай дарозе. Не баіцца кабыла машын?
- Не, не баіцца. Яе ж не стукнулі ні разу. Вось калі б стукнулі, то баялася б. А так яна ж не дурная, каб лезці пад колы.
- А у вас машына ёсць?
- Машына? Была калісьці, але я перастаў ездзіць.
- Зараз ужо на каня перабраліся?
- Не, - смяецца Майсеевіч, - у мяне ровар ёсць, вось на ім і езджу. - Я заўважаю зялёны ровар у куце.
- Кабыле не халодна ўзімку? Як маразы нядаўнія перажылі?
- Халодна, вядома. Але што зробіш? Вось блага, калі дарогі замярзаюць. Тады ехаць слізка. Прыходзіцца машыну прасіць, каб бялізну вазіла. Улетку так добра ёй. Яна, я скажу, уплывае на хворых. Калі ходзіць туды , пад вокны, траўку есці, падыдзе да радзільні і пачынае іржаць, просіць каб далі ёй што-небудзь смачнае. І тады ўжо пачынаюць хворыя Машку з першага паверху з рук карміць сухарамі, хлебам… 
- А хто прыдумаў такое чалавечае імя жывёле?
- Машцы? Ды не, насамрэч яна Лыска, у Машку яе ўжо тут перайменавалі!– Майсеевіч смяецца: - Гэта раней конь быў, дык Машкай клікалі. А імя ж павінна быць. Не скажаш жа: "Конь, хадзі сюды!".
- І вы адзін яе даглядаеце, абслугоўваеце, корміце?
- А хто ж яшчэ? Сена сёлета я нарыхтоўваў. А часам просім машыну, каб што-небудзь прывезці. А так я працую кожны дзень, нават без выходных, есці кабыла ж хоча. Вось дзесьці дзевяць гадоў так працую. Як калгас разваліўся, я сюды і прыйшоў. А да гэтага там ветэрынарным урачом быў. Нават не проста ветэрынарам, а галоўным ветурачом! А цяпер проста конюх. - Барыс Майсеевіч смяецца. - Летась Машка захварэла, і я сам лячыў.  Мяне, праўда, страх такі узяў, што не гэтак вылечу, страчу працу і іншую прыйдзецца шукаць!
- Не хочаце іншую працу?
- Не, калі бы здохла Машка і прыйшлося іншага каня браць, я б, пэўна, і не ўзяўся. Гэта ж адказнасць! Новы конь не адразу прывыкне да мяне, і зладзіцца з ім цяжка. Вось спужаецца – і пад машыну скочыць!
Пытаюся, ці здараліся якія-небудзь цікавыя гісторыі:
-З канём? Дык а якія з канём могуць быць гісторыі? Не, не бывае ніякіх такіх гісторый.
- Але вас шмат хто ведае! Я часта бачу, як мінакі разглядаюць Машку, калі вы ездзеце, махаюць, падморгваюць ёй.
-Так. У нас нават ёсць фатаграфія з “Рэгіяналкі”! Машка прымала ўдзел у “Дажынках”, нейкі конкурс там быў, ўдзельнікі на хуткасць запрагалі каня. А воз упрыгожвалі шарамі, кветкамі, на яго карціны ставілі, як дэкарацыя быў. – хваліцца конюх.
Нарэшце Майсеевіч скончыў парадкаваць каня і гаворыць:
 -Вось цяпер еду ў пральню. Вы падыдзіце, калі хочаце, да шлагбаўма, там буду загружацца і да мяне яшчэ іншыя працаўніцы далучацца. – Барыс Майсеевіч панізіў голас – Калі ўбачыце, як гэтыя бабы сядуць, вы іх сфатаграфуйце. Толькі так, каб яны не бачылі, а то брахаць будуць!
  Так я і зрабіла. Падыйшла да шлагбаўма і чакаю. Праз хвілін дзесяць выязжае Майсеевіч на кані і спыняецца каля шпіталю. Потым падходзіць да мяне і гаворыць:
-Зайдзіце ў корпус, там цяплей, а то ў вас рукі змерзнуць!
Я аднекваюся і, пакуль чалавек грузіць на воз бялізну, раблю некалькі здымкаў прыгажуні Машкі. Праз некаторы час вышлі некалькі мажных жанчын і спрытна заскочылі на высокі воз. Барыс Майсеевіч узлез на сваё месца, узяўся за лейцы і ўся каманда хутка паскакала паміж машын ў пральню.

Фота аўтара.
Гэта поўная версія артыкулу.

Комментариев нет:

Отправить комментарий