суббота, 17 марта 2012 г.

У што абуваюцца маладзечанцы


Настасся РОЎДА, "РГ", 17.03.2012
У што абуваюцца маладзечанцы
На рынку абутак гатовыя прапанаваць і за 200 тысяч, а ў краме раяць не гнацца за нізкай якасцю…Пра тое, што абуваюць маладзечанцы, даведалася карэспандэнт моладзевай рэдакцыі “РГ”

Шавец Віктар Сергіевіч раіць купляць абутак з натуральнай скуры,
а не са  штучнай
На выхадзе з маладзечанскай бібліятэкі "Верасок" мяне спыніла вахцёрка і зірнула на мае боты:
— І як табе не холадна ў гэтых чаравіках?
— Самы раз, - кажу, - і цёпла, і зручна.
— Во як! – ускліквае жанчына.- Я б таксама такія насіла, а то мае зусім не грэюць! Купіла летась боты, - падымае штаніну і дэманструе, - натуральныя, але cкура грубая і цвёрдая. Ды яшчэ не грэюць! І не першы раз з гэтым сутыкаюся!
— А які? – з цікаўнасцю перапытваю я.
— Туфлі ўзяла. Таксама скураныя. Разношвала цэлае лета і не разнасіла! Усё роўна мазалі былі па ўсіх нагах. Мадэль, канешне, не моладзевая… У нас прыгожы абутак увогуле рабіць не ўмеюць! Затое не адзін сезон насіць будзеш. Але ж абутак сапраўды быццам драўляны! А яшчэ ў мяне ногі нават у памяшканні мерзнуць.


Мы яшчэ крыху паразмаўлялі, а пасля я вырашыла адразу зазірнуць у некалькі крамаў. Адна з іх знаходзіцца якраз побач з бібліятэкай, туды і накіравалася. 17 гадзін, але людзей небагата: усяго двое пакупнікоў і я, трэцяя. Прагледзела ўсе жаночыя зімовыя боты і высветліла: самыя танныя каштуюць 650.000 беларускіх рублёў. А самыя дарагія – 1 мільён 250 тысяч.

Іду ў наступны магазін. Тут сітуацыя крыху іншая: пакупнікоў не менш за 10 чалавек. Гляжу ўнутр абутку, каб знайсці кошт. Мне ўдалося пабачыць боты за 500 тысяч рублёў! І тут жа,побач, у чатыры разы даражэйшыя! Розніца, вядома, ёсць. І не толькі ў кошце. Таннейшы абутак ўжо даўно выйшаў з сезона. А вось той, што навейшы, дазволіць можа сабе далёка не кожны.

Прадавачка: “Кітай” вяртаюць радзей за беларускі абутак”

У трэцім магазіне,  які быў на маім шляху, прадаваўся абутак розных беларускіх вытворцаў. Я паразмаўляла з адной з прадаўшчыц, пакуль астатнія тры абслугоўвалі пакупнікоў.

—Якога ўзросту ў вас пакупнікі?
—Сярэдняга: 35-40 гадоў. Моладзь рэдка заходзіць, звычайна з мамай купляюць. А так, каб самастойна, то не.
—А што раскупляюць хутчэй?
—Цяпер ідзе кітайскі абутак, таму што ён на вялікай скідцы, таннейшы. Зімовы кітайскі абутак каштуе 600-700 тысяч рублёў, а беларускі - 1-1, 3 мільёна. І гэта, улічваючы скідкі.
—Абутак якіх вытворцаў вы прадаяце?
Belwest, Marko, Сівельга, Гродзенская фабрыка, кітайскай і польскай вытворчасці. Бяруць усё - хто па цане, хто па якасці.
—І як часта вам вяртаюць абутак?
—Вельмі рэдка, адзінкавыя выпадкі. У тыдзень, можа, адну пару. «Кітай», дарэчы, радзей. Часцей беларускі абутак.
—Дык чаму вяртаюць?
— З-за дэфектаў скуры, падэшвы або замка-“маланкі”. Бывае, памер не той падабралі. Здараецца, што падэшва адклейваецца. Але калі проста нейкае ўпрыгожванне адвалілася, то тут мы ўжо не забіраем.
—А ў Кнізе скаргаў шмат чаго напісана?
—Па-мойму, яна яшчэ чыстая (смяецца) Так што пакідайце пажаданні!

Пасля майго маленькага шопінга я вырашыла зладзіць сацыяльную апытанку і даведацца, які ж абутак носяць маладзечанцы.
Я не выбірала да каго звяртацца, а таму пыталася ўва усіх, хто пападаўся на мае вочы.
Атрымалася 100 чалавек. З іх:

·         55 сказалі, што ў іх на нагах беларускі абутак
·         30 купілі на рынку (расійскай ці кітайскай вытворчасці)
·         15 носяць выключна польскі абутак


Шавец: "На рынку якасць разавая"

У надзеі канчаткова разабрацца, які трэба купляць абутак, я вырашыла пайсці да майстра ў "Рамонт абутку". Ён знаходзіцца ў "Доме быту" па вуліцы Будаўнікоў.Спадар Віктар, так завуць майстра, з радасцю пагадзіўся падзяліцца сваім досведам.

—Спадар Віктар, скажыце, як правільна выбіраць абутак?
—Ён павінен быць з натуральнай скуры, а не са штучнай. Нядрэнны абутак цяпер і айчынны, і замежны. Ёсць добрыя мадэлі, якія і носяцца нармальна, і добра паддаюцца рамонту. Іх, вядома, не параўнаць з тымі, што набываюцца на рынку. Там якасць разавая, хоць выглядаць яны могуць нармальна.
—Ці часта вам прыносяць рамантаваць беларускі абутак?
—Часцей кітайскі. Беларускі абутак хіба што на замену набоек прыносяць. Але ад гэтага нікуды не дзенешся!
—А свой ​​абутак часта рамантуеце?
—Ведаеце, прыказка ёсць такая: шавец без ботаў! Даводзіцца, вядома, але ўсё ж не так часта.

Настасся Роўда
Вось тут крышачку весялей: "РЭГІЯНАЛЬНАЯ ГАЗЕТА"



Комментариев нет:

Отправить комментарий