четверг, 22 марта 2012 г.

"КАРМЭН" - У МАЛАДЗЕЧНЕ.

Настасся РОЎДА, 22.03.2012, таксама глядзіце тут: "РЭГІЯНАЛЬНАЯ ГАЗЕТА"

Прэм’ера оперы “Кармэн” прайшла ў Маладзечне

У Палацы культуры 16 сакавіка адбылася прэм'ера оперы Жоржа Бізэ “Кармэн” у пастаноўцы Маладзечанскага моладзевага музычнага тэатра пад кіраўніцтвам Рыгора Сарокі.
Шчыра кажучы, падумаць не магла, што мне будзе настолькі цікава! Я не адводзіла вачэй ад сцэны. Да прэм’еры даведалася, што гэта будзе канцэртны варыянт оперы. Вось і чакала, што артысты выйдуць і будуць спяваць, выцягнуўшы рукі па швах. Але гэта было сапраўднае тэатралізаванае дзейства. Выдатная міміка, сапраўдныя пачуцці. Салісты справіліся са сваёй задачай бліскуча.
У оперы ўдзельнічаў заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь сімфанічны аркестр імя Агінскага і хор музычнага каледжа.
Фота Настассі Роўда















Захапленне гледачы выказвалі апладысментамі. Атмасфера была настолькі музычнай, што зала лавіла рытм і ўсе пляскалі ў далоні адначасова. Дзесьці з-за маёй спіны даносілася: “Брава! Брава!” І мне падалося, што залу ахапіла сапраўдная эйфарыя.
Пасля завяршэння оперы гледачы доўга яшчэ насілі кветкі на сцэну і апладзіравалі. І гэта сапраўды былі заслужаныя апладысменты.
“Кармэн” пасля закрыцця заслоны
Фота Настассі Роўда














Як толькі я выйшла з залы, адразу накіравалася на пошукі грымёрнай, каб пагаварыць з  Кармэн. Гэту ролю выканала Марына Змітровіч. Калі я ўвайшла, Марыну ўбачыла не адразу. Яе з усіх бакоў абступілі: салістцы дарылі кветкі. Дачакаўшыся зручнага моманту, я падышла да яе.
– Марына, скажыце, як здарылася, што менавіта вы выканалі ролю Кармэн?
– Я вучуся ў мінскай кансерваторыі. Мне прапанавалі ўдзельнічаць у гэтай пастаноўцы. Дала згоду і апынулася тут. Дзякуй Богу, гэта таксама ўплывае на творчы рост.
– Што было самым складаным, калі вы ўжываліся ў гэту ролю?
– Яна мне далася проста, не скажу, што былі нейкія сур’ёзныя перашкоды. Напэўна, у кожнай дзяўчыны ёсць у характары і мяккасць, і нейкая жорсткасць. Бяда ў тым, што не кожны можа ўвасобіць гэта. Але ў прынцыпе, артыст павінен ўмець пераўвасабляцца, іграць як злых людзей, так і добрых.
– Колькі часу заняла ў вас падрыхтоўка? Вольны час заставаўся?
– Актыўныя рэпетыцыі пачаліся ў гэтым годзе. Быў і вольны час. Вучуся на пятым курсе, моцна не загружаюць. Цяпер я стажор у Нацыянальнам акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета. Там таксама праца.
Рыгор Сарока: “Я вельмі ганаруся, што маю такі суперскі калектыў!”
Фота Настассі Роўда














Пагутарыўшы з Марынай, я адправілася на пошукі мастацкага кіраўніка пастаноўкі. Ён жа – галоўны дырыжор Рыгор Сарока.
– Як лічыце, усё атрымалася?
– У мастацтве ніколі не атрымліваецца ўсё. Калі б я сказаў усё – гэта значыла б, што я памёр. Таму для народа ўсё выдатна, а для музыкі ... Ёсць прафесійныя рэчы, якія трэба ўдасканальваць ўсё сваё жыццё. Хоць, вядома, праект вельмі складаны, буйны. І гэта сапраўдная ўдача! Вы ж чулі, як рэагуе зала, як ідуць на мае праекты людзі. У цэлым, вядома, задаволены. Задаволены, што існуе тэатр, задаволены салістамі. І вельмі ганаруся, што маю такі аркестр. Гэта суперскі калектыў, які паедзе зараз у Эстонію, потым у Маскву, потым у Варшаву, там запіша дыск. Па сутнасці, горад мае філарманічны калектыў.
– Колькі вам спатрэбілася часу, каб паставіць оперу?
– Усяго толькі пяць месяцаў. Хоць на пастаноўку нават оперны прафесійны тэатр звычайна траціць месяцы чатыры.
– Наколькі важная для горада опера?
– Тое, што ў Маладзечне паставілі оперу, павінна быць гонарам для ўсіх жыхароў горада. І падтрымка павінна быць з боку ўладаў. Таму што гэта сапраўдны дыямент, які мае наш горад.
– Што дае салістам оперны тэатр?
– Дае маладым людзям старт для далейшай працы. Напрыклад, Андрэй Мацюшонак ужо праспяваў ў “Кармэн” Дона Хасэ. Гэта для тэнара паслужны спіс. Мы запісалі, зрабілі наклад дыскаў. Гэта ж прафесійнае шчасце, мець спеваку магчымасць праспяваць тут у оперным спектаклі. І Маладзечна дае такую ​​магчымасць маладым музыкантам.
Фота Настассі Роўда

Комментариев нет:

Отправить комментарий