четверг, 15 марта 2012 г.

“Платнага прыёму ў паліклініках не будзе”

Зоя ХРУЦКАЯ, "Рэгіянальная газета", 16.03.12.

Ці праўда, што за кожны прыём у паліклініцы патрэбна будзе плаціць 5000 рублёў? І што дзецям будуць бясплатна даваць усе лекі? На важнейшыя на сёння медыцынскія пытанні Беларусі адказвае галоўны доктар Маладзечанскай цэнтральнай раённай бальніцы Сяргей Савіцкі.
Немагчыма чалавека прымусіць быць здаровым
− Фраза намесніка прэм’ер-міністра Анатоля Тозіка, якая гуляе па сеціве пра прыём у паліклініках за 5000, вырваная з кантэксту, −тлумачыць Сяргей Савіцкі. − Думаю, ён меў на ўвазе неабходнасць развіваць страхавую медыцыну. Асабіста я гэта падтрымліваю. Не з-за грошай, а дзеля таго, каб у людзей змянілася стаўленне да свайго здароўя. Немагчыма прымусова зрабіць чалавека здаровым. А вось калі мы за нешта плацім грошы, то тады ставімся да гэтага куды больш клапатліва. Заўважаеце, як усе людзі любяць свае машыны?
Такую меру разглядаюць, каб зменшыць нагрузку на паліклініку. Дактароў больш не стане. Да таго ж, частка медыцынскіх работнікаў выходзіць з прафесіі з-за нізкіх заробкаў.

Некаторыя лічаць, што платны прыём у паліклініках толькі тое і зробіць, што створыць новую праблему. Адну чаргу трэба будзе адстаяць, каб аплаціць прыём, а другую, як і раней, – пад кабінетам. Фота echo.msk.ru
Праблема чэргаў, на думку галоўнага доктара, вынікае і з-за лішняй цэнтралізацыі. Як паліклініка №1 можа прыняць жыхароў 100-тысячнага горада без чэргаў? Дарэчы, былі планы пабудаваць паліклініку ў новым 11-м мікрараёне.
Галоўны доктар прыводзіць такую статыстыку: у краінах Заходняй Еўропы за год чалавек наведвае тэрапеўта 2-3 разы, у Расіі і ва Украіне
– 6,5-7 разоў, а ў Беларусі− у сярэднім 13,5 наведванняў. Гэта прытым,што многія людзі абыходзяцца наогул без тэрапеўта доўгія гады, напрыклад, у вёсцы ім хапае фельчара.
Ён таксама адзначае, што, паводле апошніх даследаванняў, 30% беларусаў не ходзяць у паліклініку шмат гадоў, яшчэ 30% − наведваюць установу раз на год, напрыклад, для медагляду.Астатнія і складаюць тыя 13,5 наведванняў за год. Чаму гэтыя людзі так часта ходзяць у паліклініку, адказаць немагчыма: ці з-за хранічнага захворвання, ці ў іх хобі такое.
Трапляюцца і такія пацыенты, чые захворванні маюць псіхасаматычны характар. І ім насамрэч трэба да псіхатэрапеўта.
Прапанова Анатоля Тозіка − не першая спроба паўплываць на людзей, каб яны не растрачвалі дарэмна працоўны час медработнікаў. Напрыклад, за несапраўдны выклік “хуткай дапамогі” можна патрабаваць штраф. Але даказаць, што выклік несапраўдны, вельмі складана.
Намеснік прэм’ер-мі-ністра выказаў яшчэ такую прапанову: калі траўма здарылася, а ў той час чалавек быў нецвярозы, то бальнічны за час лячэння яму аплачваюць толькі на 50%.
Платнага прыёму не будзе
− Платнага прыёму ў паліклініках не будзе, − мяркуе Сяргей Савіцкі. − Гэта складана арганізаваць: уявіце, трэба касавыя апараты паставіць, чалавеку даць квіток, здаць грошы інкасацыі. У паліклініцы №1 прыкладна 1500 пацыентаў у дзень. Гэта створыць яшчэ больш работы.
Нагадаем, што нядаўна на выніковай калегіі Міністэрства аховы здароўя намеснік прэм’ер-міністра Анатоль Тозік выказаў наступную прапанову:
– Вы кажаце, што трэба нешта рабіць з чэргамі ў паліклініках. У сярэднім на аднаго жыхара ў нас прыпадае больш чым 13 наведванняў паліклінік у год, а ў суседніх краінах зусім іншая статыстыка – 6 або 6,5 на аднаго жыхара… Давайце ўвядзем плату ў памеры 5 тысяч рублёў за наведванне паліклінікі. Нават калі памножыць 5 тысяч рублёў на сярэдні паказчык па колькасці навед-ванняў, то за год выйдзе невялікая сума. Затое кагосьці нават такая сімвалічная плата, магчыма, прымусіць задумацца: а ці на самой справе трэба звяртацца ў паліклініку?
– цытуе Анатоля Тозіка “Наша ніва”, спасылаючыся на “Звязду”.
Дзеці да трох гадоў будуць лячыцца бясплатна
Дзеці ва ўзросце да трох гадоў у Беларусі будуць бясплатна забяспечвацца лекавымі сродкамі, якія выдаюцца па рэцэптах дактароў у межах пераліку асноўных лекавых сродкаў, інваліды 3 групы – са скідкай 50%.
Такое рашэнне прыняў Аляксандр Лукашэнка па выніках нарады ў нядзелю, 11 сакавіка, паведамляе “Наша ніва” са спасылкай на БелТА.
У Беларусі пастаўлена задача да канца 2015 года выйсці на 50% забеспячэння насельніцтва лекамі беларускай вытворчасці.


Маладая мама Марына Мажуць лічыць, што бясплатныя лекі - цудоўная падтрымка. Фота Зоі ХРУЦКАЯ.
− Бясплатныя лекі былі раней, у 2007 годзе адмянілі, − пракаментаваў навіну галоўны доктар Маладзечанскай цэнтральнай раённай бальніцы Сяргей Савіцкі. − Я “за” за гэта ўвядзенне. Толькі пытанне, якія лекі будуць у асноўным спісе. Але трэба разумець, што гэта небясплатна для грамадства. За іх не трэба плаціць пэўным катэгорыям грамадзян, таму што гэта аплачваюць з падаткаў.
− Безумоўна, такое рашэнне вельмі добрае, −гаворыць маладая мама Марына Мажуць. − Маёй дачцэ Арыне 11 месяцаў, не магу сказаць, што шмат хварэе, але трэба тыя ж вітаміны купіць. Антыбіётыкі дарагія, а 700 тысяч дапамогі на ўсё не хопіць. Таму гэта для нас будзе добрая падтрымка.

Комментариев нет:

Отправить комментарий