суббота, 3 марта 2012 г.

“Калі людзі не могуць купіць кілбасы, то і мне не трэба”

Зоя ХРУЦКАЯ, "Рэгіянальная газета", 03.03.12
У пятніцу, 2 сакавіка, маладзечанцы наладзілі вечар памяці мастачкі Ядвігі Раздзялоўскай “Кветкі шчодрага таленту”.
Партрэт Ядвігі Раздзялоўскай, намаляваны Юрыем Герасіменка-Жызнеўскім.





















Яна нарадзілася ў першы дзень вясны, як і яе любімы музыкант Фрэдэрык Шапэн. Дарэчы, пражыла мастачка роўна 90 год. А да 110-годдзя з дня яе нараджэння маладзечанская кагорта творчых людзей падрыхтавала  падарунак, які для гасцей свята стане сапраўдным сюрпрызам.
Пяць гадоў працаваў над фільмам пра Ядвігу Раздзялоўскую яе былы вучань і выкладчык цымбалаў Юры Церабун разам з мастаком Міколам Аўчыннікавым. Фільм доўжыцца амаль гадзіну, у ім пра мастачку расказвалі тыя, хто асабіста ведаў “пані Ядзю”. Да юбілею падрыхтавалі і слайд-шоу − каля 70 карцін, што цяпер захоўваюцца ў розных калекцыях,  якія прадэманстравалі пад музыку Шапэна.
Фота забяспечана Юрыем ЦЕРАБУНОМ.


У гэты ж дзень у фае Палаца культуры адкрываецца выстава работ мастачкі.
− Мы штогод святкуем дзень нараджэння Ядвігі Раздзялоўскай і заўсёды шукаем новую форму яго правядзення, − распавядае Юры Церабун. − Мы − гэта ўдзельнікі клуба аматараў мастацтва, які арганізаваў мастак Юры Герасіменка-Жызнеўскі ў 1981 годзе. Так тады згуртаваліся літаратары, мастакі, музыкі. Склалася такая суполка, такія святы ладзілі, што нам мінскія мастакі зайздросцілі! Памятаю, як усе разам святкавалі 90-годдзе мастачкі, святкуем і цяпер, але ўжо без яе…
Аматары мастацтва любілі збірацца ў двухпакаёўцы, дзе жыла Ядвіга, а тая іграла для сяброў на фартэпіяна. Цяпер на гэтым доме насупраць райвыканкама ўсталяваная мемарыяльная дошка, якую зрабіў Герасіменка-Жызнеўскі.

Яе твору апладзіравалі
− Ядвіга Раздзялоўская вельмі любіла кветкі, любіла маляваць іх у нацюрмортах, − узгадвае цымбаліст. − Можа падацца − ну што такога, кветкі і кветкі. Але хто з мастакоў, намаляваўшы кветкі, зможа выканаць філасофскі твор? Яе нацюрморты называюць класікай беларускага мастацтва. Народны мастак Беларусі, прафесар Анатоль Анікейчык сказаў пра яе творы, што яны вартыя найлепшых карцінных галерэй Еўропы!
Адзін з узораў філасофскага твору Ядвіга Раздзялоўская падрыхтавала для выставы да Дня Перамогі. Карціна называецца “Мат”. На ёй − букет, шахматная дошка. У куце − чорны кароль, заткнуты белымі пешкамі. Гледачы, убачыўшы гэтую работу, апладзіравалі. Яшчэ адзін твор жанчыны на тэму вайны − “Сказ беларускага лесу”: галінкі хвоі, грыбы ў кошыку, ножык, а побач − іржавыя патроны.
“Маэстра, ніколі гэтак не рабіце”
− Да артыкула вазьміце вось гэты партрэт, − працягвае Юры Церабун выяву Ядвігі Раздзялоўскай. − Яго зрабіў Герасіменка-Жызнеўскі. Ён у мяне ўсе гэтыя гады вісіць, як нешта святое. Тыя 12 карцін, якія яна мне падарыла, усё, да чаго дакраналася, для мяне каштоўнае. Мы заўсёды гаворым пра яе, як пра вельмі духоўнае.
Музыка расказвае, што жанчына была вельмі сціплая. У часы дэфіцыту, калі чарга за кілбасой стаяла на вуліцы, ён неяк прынёс ёй цукеркі і тую ж кілбасу. Але Ядвіга Раздзялоўская адказала: “Маэстра, ніколі гэтак не рабіце. Калі людзі не могуць гэта купіць, то і мне не трэба”.
Настаўніца, якая стала эталонам
Юры Церабун адзначае, што жанчына была не толькі таленавітай мастачкай, філосафам і паэтам, але і цудоўным педагогам. Ён вельмі хацеў, каб адна вучаніца вывучыла складаны твор на цымбалах. Неяк расказаў пра гэта былой сваёй настаўніцы.
Ядвіга Раздзялоўская папракнула музыку: “Нашто ты даў ёй такое цяжкое заданне? Ці ў яе няма ні школы, ні сябровак? Ні адны ж цымбалы павінны быць у галаве”. І дадала, што настаўнік павінен папрасіць прабачэння ў дзяўчынкі. Музыка так і зрабіў. Цяпер тая вучаніца сама выкладае ў Маладзечанскім музвучылішчы.
Фота забяспечана Юрыем ЦЕРАБУНОМ.

Былы вучань, а цяпер паспяховы мастак Аляксандр Грышкевіч, прыйшоў у студыю прыкладна ў 1975-м.
− Студыя існавала не толькі для дзяцей, прыходзілі і дарослыя. Памяшканне знаходзілася пад лесвіцай. Харашэвіч і Раздзялоўская − нашы першыя настаўнікі. Ядвіга Іосіфаўна той чалавек, якога можна назваць эталонам. Цяпер я разумею, што такія людзі − рэдкасць. Гэта было галоўным − яна сапраўды стала прыкладам для мяне.

Комментариев нет:

Отправить комментарий